Обсуждаем проект жилого района “Юго-Запад”: экологическая составляющая

Актуалии Общество Экология

Забяспечыць якасць жыцця і спрыяльнае навакольнае асяроддзе
Праект будаўніцтва жылога раёна “Паўднёвы Захад” выклікаў самую вялікую цікаўнасць шумілінцаў. Няўжо гэта будзе? Адразу на 4 тысячы чалавек? Хто там будзе жыць?
Адным з важных бакоў з’яўляецца экалагічны ўплыў буйнога (па маштабах райцэнтра) жылога раёна на наваколле. Праз дарогу ад мяркуемага мікрараёна размешчаны галоўны шумілінскі водазабор. Ці не будзе перабояў з вадой? Такі раён удвая павялічыць колькасць каналізацыйных сцёкаў. Да таго, з тэрыторыі плануемай забудовы вада пацячэ ў шумілінскае возера – месца адпачынку жыхароў райцэнтра.
Як патлумачыла начальнік аддзела па архітэктуры і будаўніцтву райвыканкама З. А. Мясаедава, была праведзена ўсебаковая экспертыза праекта, якая ўключала ў сябе і экалагічную экспертызу. Былі адзначаны ўсе плюсы і мінусы праекта, запланаваны мерапрыемствы, якія павінны мінімізаваць негатыўны ўплыў на навакольнае асяроддзе буйнога жылога раёна і стварыць спрыяльныя ўмовы для жыхароў новых кварталаў.
Як патлумачыла Зоя Анатольеўна, прадугледжана будаўніцтва новага водазабора на 5 артэзіянскіх свідравін з помпавай станцыяй першага пад’ёма і станцыяй абезжалезвання. Гэта дазволіць палепшыць водазабеспячэнне ўсіх шумілінцаў і павысіць якасць вады.
Існуючая сістэма каналізацыі, магутнасці ачышчальных збудаванняў цяпер выкарыстоўваюцца не поўнасцю. Таму пасля плануемай рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў яны справяцца з павялічанай нагрузкай. У новым мікрараёне запланавана і ліўневая каналізацыя.
Яшчэ адным негатыўным фактарам з’яўляецца ўплыў інтэнсіўнага транспартнага руху па магістралі Р-20. Праект прадугледжвае будаўніцтва каля трасы аб’ектаў культурна-бытавога і гандлёвага прызначэння. Уздоўж магістральных дарог і вуліц запланаваны зялёныя ахоўныя насаджэнні. Жылыя дамы пабудуюць на адлегласці ад дарогі. Дзіцячыя сады і школа будуць узводзіцца ў глыбіні кварталаў. Зялёныя насаджэнні засцерагуць жылыя забудовы ад аўтамабільных выхлапаў і ад шуму.
Праект прадугледжвае значныя работы па добраўпарадкаванні тэрыторый: прадугледжана ўладкаванне тратуараў, унутрыквартальных праездаў, пляцовак для адпачынку, гульняў, гаспадарчых мэт, малых архітэктурных форм, гаспадарчых пабудоў. Вялікія тэрыторыі адводзяцца для кветнікаў і зялёных насаджэнняў. Уся тэрыторыя павінна адпавядаць санітарным нормам і правілам.
Новы раён павінен забяспечыць адзінства фарміравання якасных умоў жыцця для людзей і зніжэнне негатыўнага ўплыву на навакольнае асяроддзе.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №23 ад 29.03.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *