Жители Амбросовичей третий раз выбрали старейшиной Николая Лескова

Общество Сельское хозяйство

“Няхай зноў Паўлавіч будзе”
Мікалая Паўлавіча Ляскова з аграгарадка Амбросавічы ўпершыню абралі старэйшынам амаль шэсць гадоў таму. На сходзе людзі аднагалосна  прагаласавалі за яго, бо кожны  добра ведае: Мікалай Паўлавіч – чалавек надзейны, не падвядзе.

І вось ужо трэці раз  за М. П. Ляскова галасуюць людзі. На справаздачным сходзе, які ладзіцца адзін раз у два гады, хтосьці прапаноўвае: “Няхай зноў Паўлавіч будзе”. І гэту прапанову падтрымліваюць усе.
М. П. Ляскоў, у былым настаўнік геаграфіі і дырэктар мясцовай школы, а сёння мастацкі кіраўнік мясцовага клуба, рабочы па абслугоўванні ў Амбросавіцкай СШ, добра ведае патрэбы і праблемы сваіх землякоў.  Пасада старэйшыны абавязвае Мікалая Паўлавіча сачыць за парадкам на вуліцах, асвятленнем і станам дарог. Упэўнены, што нязначных праблем у вяскоўцаў не бывае. Трэба кожнага выслухаць, дапамагчы. Звяртаюцца да старэйшыны наконт рамонту газавых катлоў, бо ведаюць: накіруе ў адпаведныя службы. Не адмаўляе Мікалай Паўлавіч адзінокім састарэлым і ў такой просьбе, як зрабіць новыя драўляныя ручкі ў рыдлёўкі. У такім разе сам бярэцца за інструмент.
Праводзіць старэйшына і тлумачальную работу: каб вяскоўцы не палілі сухую траву, каб падгрэблі сухую лістоту, каб адрамантавалі пахіленую агароджу. Мікалай Паўлавіч стараецца, каб Амбросавічы былі прыгожымі, каб дастойна выглядалі сярод іншых аграгарадкоў раёна. Год таму, напрыклад, па просьбе землякоў звярнуўся да раённых службаў з просьбай змяніць графік аўтобуса, які ў нядзелю хадзіў да Шуміліна толькі адзін раз. Да просьбы старэйшыны прыслухаліся: цяпер раніцай можна паехаць у райцэнтр, а вечарам вярнуцца назад.
Як расказалі ў Дабейскім сельвыканкаме, М. П. Ляскоў – памочнік, дарадца і правая рука старшыні.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №35 ад 03.05.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *