А Мішневічы прывезлі “Бабулін куфар”

Общество

А Мішневічы прывезлі “Бабулін куфар”

Свята Незалежнасці ў гэтым годзе выдалася на славу! Сонечнае надвор’е і святочны настрой шумілінцаў зрабілі сваю справу.
З самага ранку ішла падрыхтоўка да свята: уладкоўваліся падворкі, расстаўляўся рэквізіт, пераапраналіся акцёры…
Не першы год я прыязджаю ў Шуміліна на 3 ліпеня (і нават удзельнічаю ў прадстаўленні падворка Мішневіцкага сельсавета), таму з упэўненасцю магу сказаць: у гэтым годзе, як ніколі, было на што паглядзець!
Кожны сельскі Савет прывёз цікавыя выставы, а выступленні ператварыліся ў сапраўдныя тэатральныя пастаноўкі. Лаўжанскі сельскі Савет прадставіў выставу музычных інструментаў, Мікалаеўскі – самаробных кошыкаў, Сіроцінскі – вышываных хустак, а таксама ляляк незвычайнай прыгажосці, Дабейскі сельскі Савет пазнаёміў гасцей свята з тканымі ручнікамі, Светласельскі паказаў выставу са старымі гадзіннікамі.
Ну, а Мішневіцкі падворак у гэтым годзе падрыхтаваў прэзентацыю пад назвай “Бабулін куфар” – тэма вельмі цікавая і сур’ёзная, бо з’яўляецца часцінкай нашай гісторыі. Бабуліны куфры, якія заўсёды былі напоўнены самаробнымі вырабамі, засталіся нам у спадчыну – гэта тая самая “нябачная нітачка”,  якая аб’ядноўвае пакаленні людзей.
Акрамя выстаў беларускага побыту вялікай папулярнасцю ў жыхароў і гасцей горада карысталіся таксама і сучасныя вырабы, зробленыя нашымі землякамі: гэта і незвычайныя фігуркі жывёл, і саламяныя капелюшы, і фантастычныя дрэвы, зробленыя з бісеру, і прыгажуні лялькі…
Годна быў ацэнены жывы куточак ад “Белай Русі”, які палюбіла не толькі дзіцячая аўдыторыя, але і дарослыя. Дзеці з цікавасцю назіралі за чарапахамі, папугаямі, рыбкамі, сабакамі. З вясёлай усмешкай бавілі час з пяшчотнымі і прывабнымі звяркамі.
У памяці гасцей свята, мне здаецца, засталіся толькі пазітыўныя эмоцыі. Спадзяемся, што ў будучым годзе Дзень Незалежнасці будзе яшчэ больш цікавым, вясёлым і насычаным.
Вольга РАМАНЕНКА, студэнтка ВДУ імя Машэрава.
Надрукавана ў №53 ад 08.07.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *