Анатолий Прыгун построил новую часовню для католиков в Николаевском сельсовете

Актуалии Духоўнае Общество

У Слабадзе пабудавана капліца
У вернікаў каталіцкай канфесіі прынята ледзь не ў кожнай буйной вёсцы будаваць каплічкі. І размяшчаюцца яны ў большасці выпадкаў каля могілак. “Капліца – гэта невялікі будынак з іконамі без алтара, – тлумачыць прыхаджанка з Мікалаёва Р. Л. Барысевіч. – Гэта свайго роду невялічкі касцёл, і мы вельмі рады, што ён ёсць у нашай вёсцы”.
А вось у вёсцы Андрэева да нядаўняга часу не было прыстойнага памяшкання, дзе б змаглі сабрацца прыхаджане. “А мы ж прывыклі хадзіць у капліцу на Дзяды, на Троіцу, на Задушны дзень, – кажа жыхарка в. Андрэева Л. А. Скорая. – Да нас на гэтыя святы з Бешанковіч ксёнз прыязджае. Мы вельмі хацелі, каб у нас калі-небудзь была капліца”.
І калі жыхар суседняй вёскі А. І. Прыгун па свайму ўласнаму жаданню ўзяўся за будаўніцтва ў Слабадзе капліцы яго падтрымаў кожны. “Думалі, хаця б толькі не перадумаў, не кінуў пачатую справу на паўдарозе”, – шчыра прызнаюцца вяскоўцы.
Але Анатоль Іосіфавіч не перадумаў. Ён прызнаўся, што гэту ідэю выношваў гадоў пяць, уласны праект ужо абмяркоўваў неаднаразова, ды ўсё часу не было распачаць будаўніцтва. Узяўся толькі ў мінулым годзе. Непадалёк ад могілак выкупіў участак лесу, выразаў дрэвы, распілаваў. Дошкі абгабляваў на дрэваапрацоўчым станку. Ну, а паставіць зруб невялікай капліцы для будаўніка – справа не такая ўжо і цяжкая. Потым даводзіў сцены, дах, столь, падлогу. Усё рабіў практычна адзін, працаваў над ажыццяўленнем свайго праекта амаль цэлы год. І ўсё бясплатна. Праўда, прыхаджане сабралі крыху грошай, але іх хапіла толькі на рамы для акон і дзверы.
“Капліца практычна гатова, засталося толькі дах пафарбаваць, – кажа Анатоль Іосіфавіч. – Атрымаў маральнае задавальненне ад сваёй работы. Гэта мая маленькая перамога. У жыцці кожнага чалавека калісьці наступае момант, калі хочацца падумаць пра духоўнае і святое. Вось і я задаволены, што парадаваў землякоў і сябе. На могілках у Слабадзе, дзе ўсталявана капліца, пахаваны і мае родзічы. Напэўна, ім таксама даспадобы мая работа”.
Дарэчы, у мінулыя выхадныя капліцу ў Слабадзе асвяціў ксёнз Славамір, які прыязджаў з Бешанковічаў. На службу ў капліцу сабраліся мясцовыя прыхаджане, успаміналі сваіх родных, маліліся за спакой іх душ. І яшчэ раз дзякавалі за капліцу мясцоваму будаўніку Анатолю Прыгуну.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №70 ад 05.09.2012



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *