“Яфімавіч на пульце – значыць, у дзяжурцы ўсё ў парадку”
Прыстойнасць, чалавечнасць, любоў да радзімы і службы – рысы характару Міхаіла Яфімавіча АСТАШОНКА, якія называюць яго былыя калегі. Капітан міліцыі ў адстаўцы 21 лістапада адсвяткаваў 85-гадовы юбілей і з’яўляецца сёння самым старэйшым ветэранам РАУС.
Міхаіл Яфімавіч Асташонак кажа, што лістапад для яго багаты на падзеі: святкуе дзень нараджэння, Дзень савецкай міліцыі (зараз Дзень ушанавання ветэранаў органаў унутраных спраў), дзень утварэння аператыўна-дзяжурнай службы, якой аддаў 17 гадоў. Яшчэ адна важная для яго падзея – візіт калег старшыні ветэранскай арганізацыі РАУС Юрыя Арлова і казначэя арганізацыі Аляксандра Шарафутдзінава, першага намесніка начальніка РАУС Вячаслава Воранава.
Міхаіл Яфімавіч з задавальненнем расказаў пра сябе карэспандэнту раённай газеты і адзначыў, што “Герой працы” выпісвае і чытае ўсё жыццё. І зараз “ад коркі да коркі”, бо палітычныя навіны па тэлебачанні паглядзіць, а вось мясцовыя – толькі ў раёнцы прачытае. З задавальненнем чытае матэрыялы пра сельскую гаспадарку, бо па спецыяльнасці аграном (заканчваў сельгасакадэмію ў Горках), пра мясцовых людзей – усё жыццё жыве ў раёне. Адлучаўся хіба толькі на тэрміновую ваенную службу – тры гады служыў у войсках Міністэрства ўнутраных спраў. Гэта акалічнасць, напэўна, і стала асновай для таго, каб Міхаіла запрасілі працаваць у раённы аддзел унутраных спраў. Прапанову атрымаў ад работніка крымінальнага вышуку Віталя Малашонка, які добра ведаў прынцыповасць Міхаіла і рэкамендаваў яго інспектарам аддзела па барацьбе з крадзяжамі сацыяльнай уласнасці. Пасля спецкурсаў у 1966 годзе М. Я. Асташонак прыступіў да службы.
«Мая работа была – барацьба з эканамічнымі злачынствамі, – працягвае Міхаіл Яфімавіч. – Працавалі на прафілактыку, на выяўленне і раскрыццё злачынстваў. Змагаліся са спекуляцыяй і хабарніцтвам. Неаднойчы прыпынялі незаконны перапродаж тавараў па завышаных цэнах, прысваенне або растрату дзяржмаёмасці».
Міхаіл Асташонак і далей працаваў бы інспектарам аддзела па барацьбе з крадзяжамі сацыяльнай уласнасці, калі б не сямейныя абставіны. У Карэліі памёр родны брат Мікалай (яго жонка пайшла з жыцця яшчэ раней), засталіся сіротамі тры пляменніцы. Родны дзядзька прывёз іх у Шуміліна, аформіў апеку над Томай, Раяй (хадзілі ў пачатковыя класы) і дашкольніцай Ленай. У саміх Асташонкаў было таксама трое дзяцей – Ліля, Саша і Лена. Вось так разам з жонкай Рэгінай Пятроўнай і выхоўвалі шасцярых дзетак. Зразумела, што было нялёгка. Міхаіл перайшоў служыць старшым інспектарам-дзяжурным, каб было больш часу дапамагаць жонцы.
«Часта прыходзілася дзяжурыць з Міхаілам Яфімавічам, – успамінае ветэран міліцыі Аляксандр Шарафутдзінаў. – Неаднойчы дзялілі ноч на дваіх. Міхаіл Асташонак заўсёды правільна і аператыўна прымаў рашэнні, калі былі выклікі на скандалы ці крадзяжы. Яго памяркоўнасць, немнагаслоўнасць і дакладнасць у дакументах ведалі ўсе. І гаварылі: “Калі Яфімавіч на пульце – значыць, у дзяжурцы ўсё ў парадку”. Быў у меру строгім і любіў ва ўсім парадак.
Зараз Міхаіл Асташонак жыве адзін. Дапамагаюць дзеці, якіх ён вельмі любіць. Ведае дні нараджэння кожнага з 12 унукаў і 9 праўнукаў, віншуе заўсёды. Уся вялікая сям’я ў сваю чаргу віншавала яго з нагоды юбілею, жадала здароўя.
Ларыса ЗАЙЦАВА.


