Выездное совещание по вопросам сельского хозяйства прошло в Шумилинском районе

Сельское хозяйство Экономика

Пра ўтрыманне жывёлы і падрыхтоўку да касавіцы

На мінулым тыдні адбылася выязная сельскагаспадарчая нарада, у якой актыўны ўдзел браў старшыня райвыканкама А. І. Снараў. На нарадзе прысутнічалі  старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, спецыялісты райсельгасхарчу, райплемстанцыі і райветстанцыі, а таксама кіраўнікі, галоўныя заатэхнікі, ветурачы, інжынеры сельгасарганізацый раёна.

Удзельнікі нарады пабывалі на ферме Мазекі ААТ “АграБаравінка”,  абмеркавалі пытанні прываг, утрымання і кармлення жывёлы. Цёлкі, якія знаходзяцца на кругласутачнай пасьбе, пасля зімы выйшлі схуднелыя, але свежае паветра, сонца і зялёная трава пайшлі ім на карысць. На полі створаны пункт штучнага асемянення, падвезены соль і вада.
У “АграБаравінцы” пабывалі таксама ў адрамантаванай дыспетчарскай у Башнях, якую А. І. Снараў ставіў у прыклад іншым кіраўнікам сельскагаспадарчых арганізацый.
Практычна ўсе статкі кароў і цёлак у сельскагаспадарчых прадпрыемствах знаходзяцца на пашавым утрыманні. Спецыялісты райсельгасхарчу звярнулі ўвагу на тое, што на поле трэба падвозіць салому і сена. На жаль, пакуль няма значных поспехаў па надоях. Імі можа пахваліцца толькі СФГ “Раднік” (15,6 кілаграма на карову), да ўзроўню мінулага года плюсуюць па надоях ААТ “Прыдзвінскі” і КУСГП “Мішневічы”.
Кіраўнік раёна звярнуў увагу на тое, што памяшканне фермаў, не марудзячы,  трэба рыхтаваць да зімова-стойлавага перыяду: прадэзінфіцыраваць, прыбраць, пабяліць. І гэтыя работы пачаліся ў некаторых гаспадарках.
На ферме Лявонава КУСГП “Ульскі” тэрыторыя агароджана, зроблены металічныя вароты. Ля кароўніка пабудаваны новы прафілакторый для цялят. Маладняк знаходзіцца ў асобных клетках, у кармушках – камбікорм і соль, побач – вёдры з вадой. Цяляты дагледжаныя і сытыя. Кіраўнік раёна звярнуў увагу на тое, што падобныя прафілакторыі, якія пабудаваныя ўжо ў “Мішневічах” і “Сіроцінскім”, апраўдваюць сябе.
Па закупу цялят у насельніцтва слова трымала І. М. Новікава, якая звярнула ўвагу на тое, што аднаўленне пагалоўя жывёлы ў сельгаспрадпрыемствах – задача першачарговая. Трэба закупляць цялят у насельніцтва. Дамашнія цяляты, як правіла, дагледжаныя і з іх вырастаюць добрыя каровы. І не толькі ААТ “Лаўжанскае”, але і ўсе гаспадаркі раёна павінны закупляць цялят у насельніцтва. На сённяшні дзень заключаны 324 дагаворы (прычым, 62 гаспадары трымаюць па дзве і больш кароў), а закуплена пакуль толькі 61 цяля. Ірына Мікалаеўна заклікала кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў разгледзіць розныя формы аплаты за цялят: калі ў гаспадарцы не стае грошай, можна разлічваць і на натуральныя формы аплаты.
На нарадзе быў разгледжаны ход падрыхтоўкі тэхнікі да корманарыхтоўкі. Кіраўнік раёна адзначыў, што сяўба плаўна пяройдзе ў зялёнае жніво. Намеснік начальніка райсельгасхарчу А. Л. Мацюшчанка расказаў, што ў раёне ёсць 24 кормаўборачныя камбайны, 40 трактарных касілак, 21 прэс-падборшчык, больш за паўсотні прычэпаў для перавозкі зялёнай масы. Начальнік райсельгасхарчу В. Ц. Мянькоў заклікаў кіраўнікоў і інжынераў гаспадарак прыкласці да рамонту ўсе намаганні. З 11 па 16 мая пройдзе тэхагляд кормаўборачнай тэхнікі. Дарэчы, на перыяд зялёнага жніва ў раёне будуць створаны два кормаатрады – у ААТ “Лаўжанскае” і “Шумілінскім райаграсэрвісе”, якія будуць дапамагаць адстаючым гаспадаркам.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №35 ад 03.05.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *