9 мая митинги прошли и в Дворище, и в Тропино…

Актуалии

Салаўі, Салаўі, не турбуйце салдат…
Менавіта радкі з усім вядомай песні ўспомніліся падчас мітынгу ў Дворышчы. Тут пахавана 1817 салдат, якія загінулі ў час жорсткіх баёў, што вяліся ў канцы 1943-пачатку 1944 гадоў, калі тут  была лінія фронту.
Ля манумента сабраліся мясцовыя жыхары, вучні і педагогі Слабадской школы.  Намеснік старшыні райвыканкама І. І. Шалахава падкрэсліла, што Дзень Перамогі – усенароднае свята, свята радасці і смутку адначасова. У літаратурна-мастацкай  кампазіцыі, падрыхтаванай школьнікамі, гучалі словы пашаны ветэранам і цвёрдая вера ў тое, што  подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны будзе жыць вечна.
На святочны мітынг з Саратаўскай вобласці (Расійская Федэрацыя) прыехаў А. І. Сухаў, тут на брацкіх могілках пахаваны яго бацька Ілья Васільевіч.  Аляксандр Ільіч выказаў падзяку усяму беларускаму народу за памяць, за шаноўныя адносіны да герояў Вялікай Айчыннай вайны.
Хвіліна маўчання. Аўтаматныя выстралы вайсковага салюту перапляліся з салаўінымі трэлямі…
*   *   *
Велічна ўзвышаецца ў мірнае чыстае неба абеліск у Тропіне, які ахоўвае спакой пахаваных тут 1716 салдат. Яны аддалі свае жыцці за мір і свабоду.
З віншаваннямі з нагоды вялікага свята – Дня Перамогі – выступілі намеснік старшыні райвыканкама А. П. Быкаў і старшыня Сіроцінскага сельвыканкама С. У. Каржуеў. Прачулым выдалася выступленне вучняў з Сіроцінскай пачатковай школы. І кожнае слова, нягледзячы на хваляванне, ішло ад сэрца, ад душы.
З кожным годам старэюць нашы ветэраны, іх  становіцца менш і менш. Таму па-асабліваму на гэтым святым месцы гучалі словы ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Сяргея Васільевіча Сідарава.
Пасля хвіліны маўчання  брацкія могілкі патанаюць у кветках, адбіваючы крок, праходзяць сённяшнія абаронцы Айчыны.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №37 ад 13.05.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *