Шумилинский район взял направление на многолетние травы

Актуалии Экономика

Раён бярэ накірунак на травы
На мінулым тыдні, 13 мая, адбылася выязная нарада райсельгасхарчу, на якую былі запрошаны кіраўнікі і галоўныя аграномы сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна. Актыўны ўдзел у нарадзе прыняў старшыня райвыканкама А. І. Снараў.
Удзельнікі нарады сабраліся на полі за вёскай Міхалова, дзе СФГ “Раднік” засеяла шматгадовыя травы. Менавіта на іх бярэ накірунак уся Еўропа, на гэта нацэльваюць кіраўнікоў сельгасгаспадарак і спецыялісты вобласці, расказаў начальнік райсельгасхарчу В. Ц. Мянькоў, які ў гэты дзень пабываў на калегіі аблсельгасхарчу. Васіль Цімафеевіч адзначыў, што ў гэтым годзе ў раёне паменшаны пасевы кукурузы. Затое павялічаны – да трох тысяч гектараў – плошчы пад сяўбу шматгадовых траў, сярод якіх не толькі прывычныя для нас канюшына і цімафееўка, але і галега, доннік, райграс пашавы, фестулоліум, эспарцэт, люцэрна і іншыя.
«Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Леанід Канстанцінавіч Заяц, які напярэдадні пабываў у дзвюх нашых гаспадарках – СФГ “Раднік” і ААТ “Лаўжанскае”, –  указаў, што трэба сеяць шматгадовыя травы розных відаў»,  – адзначыў старшыня райвыканкама А. І. Снараў. У нашым раёне ў прыклад можна прывесці “Раднік”. Яго кіраўнік Ю. В. Сямёнаў расказаў прысутным пра тэхналогію вырошчвання донніка і галегі, якія абагачаюць глебу азотам. Удзельнікі нарады пабывалі на палетках, дзе растуць гэтыя травы. “Першы год доннік дае ўраджайнасць па 400-500 ц/га, на другі – па 700-800 – гэта ў пяць разоў больш, чым ураджайнасць кукурузы на нашых землях, – адзначыў Юрый Віктаравіч. –  Ён, як і галега, падыходзіць для сіласу, сенажу, сена, травяной мукі, бялкова-вітамінных канцэнтратаў”.
Для многіх аграномаў гаспадарак раёна ў навінку была і галега, якая ў сярэдзіне мая па вышыні вырасла такая, хоць касі. “Так, гэта першая культура, з якой пачынаем касавіцу, – адзначыў Ю. В. Сямёнаў. – Прычым, на гэтым полі яна расце чатырнаццаць гадоў. І кожны год атрымліваем добры ўраджай – 500-700 цэнтнераў з гектара. Усім аграномам раю звярнуць увагу на гэтую культуру, тым больш, што час яшчэ ёсць – галегу можна сеяць да сярэдзіны чэрвеня”.
Галоўны аграном ААТ “Віцебскае насенне траў” А. І. Кузняцоў расказаў, што прадпрыемства супрацоўнічае больш як з 300 гаспадаркамі рэспублікі, спецыялісты не толькі пастаўляюць насенне, але і вучаць тэхналогіі вырошчвання шматгадовых траў.  Насенне 18-ці відаў можна набыць і зараз. А. І.  Кузняцоў адзначыў, што важна да кожнай глебы правільна падабраць траву: на тарфяніках добра расце фестулоліум і ружовая канюшына, на пясках – доннік, на суглінках – пашавая сумесь. Вялася гаворка пра тэхналогію сяўбы некаторых траў, пра ўнясенне гліфасатаў.  Пра хімпраполку зерневых і рапсу расказаў начальнік раённай інспекцыі па насенняводству, каранціне і ахове раслін А. А. Шалюта.
Вынікі нарады падвёў А. І. Снараў. Кіраўнік раёна падкрэсліў, што кожнай гаспадарцы трэба тэрмінова закупіць насенне шматгадовых траў і засеяць яго да пачатку чэрвеня.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №38 ад 17.05.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *