Ведае, колькі каштуе рамонт дарог
Аляксей Пятроў – самы малады спецыяліст у інжынернай службе ДРБУ-204. Але кіраўніцтва прадпрыемства ўскладае на Аляксея вялікія надзеі. “Граматны хлопец, разбіраецца ў рабоце”, – кажа дырэктар ДРБУ-204 Р. М. Насцюшкін.
Родам Аляксей Пятроў з Шуміліна. У Віцебскім тэхналагічным каледжы вывучыўся на тэхніка-будаўніка і вярнуўся працаваць у райцэнтр. Як інжынер планава-вытворчага сектара Аляксей лічыць аб’ёмы работ прадпрыемства, вядзе неабходную дакументацыю. Ён дакладна ведае, у які кошт абыходзіцца прадпрыемству рамонт дарог. Напрыклад, за сакавік ДРБУ-204 патраціла 622 мільёны рублёў, падлічыў Аляксей.
Малады спецыяліст кажа, што яму падабаецца працаваць у ДРБУ-204. Тут надзейны калектыў, вопытныя спецыялісты, якія заўсёды дапамагаюць. Часткай ягонага жыцця з’яўляецца захапленне музыкай і спевамі. Яшчэ школьнікам Аляксей наведваў школу мастацтваў, дзе навучыўся іграць на гітары. Хлопец вельмі ўдзячны свайму выкладчыку Алене Міхайлаўне Сініцкай – з яе лёгкай рукі музыка ідзе па жыцці з Аляксеем. І ў гэтым годзе хлопец заняў першае месца ў раённым конкурсе “Песні юнацтва нашых бацькоў”, ездзіў на абласны конкурс у Лёзна. Аляксей кажа, што не вельмі засмуціўся, што не выйшаў у тройку лідараў, бо упэўнены: самыя галоўныя ягоныя перамогі яшчэ наперадзе.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў № 41 ад 27.05.2016 г.