В центре внимания — Обольский сельсовет

Актуалии Общество Экономика

Шмат пытанняў па дарогах і вуліцах

Дзень работы з насельніцтвам ў Обальскім сельсавеце завяршыўся традыцыйным аб’ездам сацыяльных і вытворчых аб’ектаў і падвядзеннем вынікаў работы з разглядам крытычных заўваг і зваротаў, выказаных жыхарамі сельсавета.
Шмат пытанняў у старшыні райвыканкама А. І. Снарава было да райспажыўтаварыства па арганізацыі гандлёвага абслугоўвання. Старшыня сельвыканкама М. А. Будневіч адзначыў, што ў буйным пасёлку закрылася крама прамысловых тавараў, застаецца зачыненым кафэ на 150 месцаў, шмат пытанняў па абслугоўванні вяскоўцаў. Удзельнікі аб’езду наведалі кафетэрый, які быў адкрыты па настойлівых зваротах жыхароў Обалі. Але асартымент аб’екта грамадскага харчавання жадае быць лепшым, таму і наведвальнікаў тут няшмат, і выручка мізэрная.
Узорным парадкам сустрэла гасцей тэрыторыя ўчастка па торфаздабычы ПУ “Віцебскторф” УП “Віцебскаблгаз”: ідэальны газон, шыкоўны кветнік, парадак і чысціня ў службовых і вытворчых памяшканнях. Дырэктар прадпрыемства В. В. Няспляк і начальнік участка І. С. Бучкін расказалі пра вытворчасць і арганізацыю работы па добраўпарадкаванні. Гэта, дарэчы, паспяховае прадпрыемства, на якім працуе 72 чалавекі, сярэдняя зарплата складае каля 8 мільёнаў рублёў, 75% прадукцыі ідзе на экспарт,  у мінулым годзе забяспечаны рост прадукцыйнасці працы на 140% .
Кіраўнік раёна адзначыў, што такая тэрыторыя і такі ўзровень вытворчасці павінны стаць прыкладам для ўсіх арганізацый  і прадпрыемстваў раёна. Тут не бяруць лішніх людзей, у добраўпарадкаванні задзейнічаны ўсе, хто мае хаця б хвілінку вольнага часу – ад вартаўніка да адміністрацыі.
Дагледжанай тэрыторыяй сустрэў Обальскі керамічны завод. Кіраўнік прадпрыемства П. І. Манак правёў удзельнікаў нарады па цэху з новай рабатызаванай лініяй, прадэманстраваў узоры прадукцыі, якая вырабляецца. Зараз на лініі ідзе абучэнне персаналу, адпрацоўка тэхналагічнага працэсу. Стаіць задача  выйсці на праектную магутнасць лініі ў бліжэйшы час.
Таксама парадак быў і на тэрыторыі фермы Лявонава КУСГП “Ульскі”: тэрыторыя абгароджана, падсыпана пяском, пабудавана новае памяшканне для маленькіх цялят. Усе работы выкананы сіламі гаспадаркі. Памяшканні фермы ачышчаны і пабелены, падрыхтаваны да стойлавага ўтрымання (зараз каровы знаходзяцца на пашы).
На фоне дагледжаных тэрыторый вытворчых аб’ектаў крытыка кіраўніка раёна прагучала  ў адрас жыллёва-камунальнай гаспадаркі: слаба вядзецца абкос пасёлка (асабліва дваровых тэрыторый), былі заўвагі па ўласнай тэрыторыі ўчастка ЖКГ, па пашырэнні відаў паслуг для насельніцтва.
Завяршыўся аб’езд наведваннем Свята-Ануфрыеўскага храма, які стаў сапраўдным упрыгажэннем пасёлка, цэнтрам духоўнага жыцця. Як расказаў старшыня Обальскага сельвыканкама М. А. Будневіч, настаяцель храма Уладзімір Пучынскі ўплывае не толькі на дарослых, але і вядзе актыўную работу з дзецьмі, падлеткамі, асабліва з так званай “групы рызыкі”.
Адкрываючы пасяджэнне, старшыня раённага савета дэпутатаў І. М. Новікава адзначыла, што ў рамках Дня работы з насельніцтвам прайшлі сходы жыхароў, падворныя абходы асобных катэгорый насельніцтва, праведзена пашыранае пасяджэнне грамадскага пункта аховы правапарадку. Обальскі сельсавет – самы населены сельсавет раёна (3108 жыхароў), у якім знаходзіцца гарадскі пасёлак і 38 вёсак.  У ходзе сустрэч з групамі райвыканкама і падчас асабістага прыёму кіраўніцтвам раёна ад жыхароў сельсавета паступіла 31 пытанне. Трэцяя частка з іх тычыцца рамонту пад’ездаў да населеных пунктаў і вуліц. Шмат праблем у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі: асвятленне вуліц, рамонт дзіцячых пляцовак, водазабеспячэнне і іншыя. Ёсць крытычныя заўвагі па асартыменце і графіку работы аўталавак і крам райспажыўтаварыства.
Многія пытанні былі вырашаны на працягу тыдня, і старшыня райсавета выказала падзяку кіраўнікам службаў, якія аператыўна адрэагавалі на запыты жыхароў сельсавета. Так, у прыватнасці, была вырашана вострая праблема з водазабеспячэннем у вёсцы Гаравыя. Шэраг пытанняў пакуль застаўся на кантролі.
Былі падведзены вынікі выканання пратаколаў даручэнняў па днях работы з насельніцтвам, якія прайшлі раней.  Кіраўнік спраў Мішневіцкага сельвыканкама Н. У. Малай, в. а. старшыні Дабейскага сельвыканкама А. В. Аляксеенка і старшыня Каўлякоўскага сельвыканкама Т. А. Дзятлава далажылі, што практычна ўсе пытанні вырашаны, на кантролі засталіся па адным-два.
У чэрвені дзень работы з насельніцтвам пройдзе ў Сіроцінскім сельсавеце.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў № 41 ад 27.05.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *