Знак «Ударник коммунистического труда» Людмила Маркиянова заработала на свиноферме

Людзі і лёсы Сельское хозяйство

Парасят выпойвала праз соску
Людміла Васільеўна Маркіянава з вёскі Непароты – ветэран працы. У свой час  была перадавой свінаркай калгаса “Праўда”, узнагароджана знакам “Ударнік камуністычнай працы”.
У 70-ыя гады ў Непаротах была свінаферма, дзе і працавала Людміла Васільеўна. “Усяго там знаходзілася дзве з паловай тысячы свіней, – згадвае жанчына. – Тады калгасам кіраваў Мікалай Пятровіч Барадулін – талковы дырэктар і гаспадар. Калгас меў добры прыбытак ад свінафермы”.
Вядома, за прыбыткам калгаса былі працоўныя будні свінарак і рабочых. Нялёгка было даглядаць групу, якая налічвала дзвесце свіней. Кармілі, паілі, чысцілі ўручную. Нылі рукі, стамлялася спіна, згадвае Людміла Васільеўна. Раніцай хацелася некалькі лішніх хвілін паляжаць у цёплым ложку, але хуценька ўставала і думала: “Як там яны, мае гадаванцы?” Асабліва непакоілася за маладняк.
У час апаросаў, бывала, жанчына нават і начавала на ферме. Выпойвала праз соску слабейшых парасят, якія неўзабаве даганялі па вазе астатніх. І калі на свінаферму прыязджала начальства з раёна ці вобласці, у большасці выпадкаў паказвалі групу Маркіянавай, дзе парасяты, можна сказаць, раслі як на дражджах. І толькі Людміла Васільеўна ведала, колькі сіл і цярпення даводзіцца прыкладваць, каб усё было гладка. Асабліва цяжка было марознай зімой, калі замярзала вада ў карытах і шэранню пакрываліся сцены. Людміла Васільеўна душой хварэла за работу. Нават не ўсім падменным свінаркам давярала сваю групу.
Неаднойчы кіраўніцтва гаспадаркі накіроўвала Людмілу Васільеўну разам са свінаркай Нінай Міхайлаўнай Карнілавай на абласны злёт перадавікоў, адкуль жанчыны вярталіся з граматамі і падарункамі.
У 90-ыя гады, калі калгас перастаў займацца гадоўляй свіней, Людміла Васільеўна перайшла працаваць у цялятнік. Сутачныя прывагі ў яе групе (па 700-800 грамаў за суткі) былі на той час лепшымі па гаспадарцы. У 2003 і 2004 гадах жанчына займала першыя месцы ў раёне сярод жывёлаводаў, якія працавалі на адкорме маладняку.
Зараз Людміла Васільеўна знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Але яна ўвесь час у руху: трэба накарміць свіней, курэй, прапалоць у парніку і палісадніку. Зноў жа, разам з мужам з нецярпеннем чакаюць у госці траіх сыноў з сем’ямі.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №46 ад 14.06.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *