В заказнике «Козьянский» обитает 175 видов птиц

Актуалии Экология

Прырода важная для ўсіх
У рамках  праекта “Захавальнікі тэрыторыі”, які рэалізуецца грамадскім аб’яднаннем “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ), у раённай гімназіі прайшоў семінар. Для захавальнікаў тэрыторыі “Казьянскі” семінар правялі  каардынатар праекта супрацоўнік АПБ Максім Нямчынаў, вядомы арнітолаг Уладзімір Іваноўскі, спецыялісты заказніка “Казьянскі”.
“На сённяшні дзень у Беларусі звыш 50 тэрыторый, важных для птушак,  агульная іх плошча складае 1 581 312 га (7,6% ад агульнай плошчы Рэспублікі Беларусь), – адзначыў Максім Нямчынаў. – З улікам вялікай колькасці тэрыторый, важных для птушак, і іх плошчы маніторынг з’яўляецца няпростай задачай. Адным эколагам з такой задачай не справіцца, без актыўнай дапамогі мясцовага насельніцтва немагчыма адсочваць працэсы, што адбываюцца на тэрыторыях, якія ахоўваюцца”.
Заказнік “Казьянскі” мае надзвычай важнае значэнне. На гнездаванні ў заказніку адзначаны  175 відаў птушак, у тым ліку 44  віды  ў Чырвонай кнізе Беларусі. Тут жывуць  32 віды млекакормячых (3 віды ў Чырвонай кнізе), 9 відаў амфібій, 5 відаў рэптылій, расце 583 віды раслін (21 від у Чырвонай кнізе). На семінарскіх занятках былі адзначаны асноўныя віды пагроз, якія могуць з’явіцца ў заказніку.
Падчас семінара захавальнікі тэрыторыі “Казьянскі” зарэгістраваліся на сайце www.iba.ptushki.org.  Максім Нямчынаў на практыцы паказаў, як правільна адпраўляць справаздачы пра наведванні заказніка. Дарэчы, кожны жадаючы можа стаць захавальнікам тэрыторыі, для гэтага неабходна проста зарэгістравацца на сайце, наведваць “Казьянскі” і адсылаць справаздачы.
Падчас практычнай часткі ўдзельнікі семінара наведалі заказнік “Казьянскі”, гідам быў Уладзімір Іваноўскі. Непадалёк ад возера Расалай быў вывешаны гагалятнік (гняздоўе гогаля). “АПБ штогод выбірае птушку года. Выбіраецца адметная птушка, якую лёгка знайсці і заўважыць, – расказвае Максім Нямчынаў. – Сёлета гэта гогаль звычайны. Зразумела, птушцы года прысвячаецца вялікая колькасць мерапрыемстваў, у тым ліку і па захаванні яе колькасці. Робячы штучныя гняздоўі, мы даем магчымасць птушцы спакойна гняздзіцца”.
На Обальскіх балотах Уладзімір Іваноўскі зрабіў штучнае гняздоўе для беркута. “Тут пастаянна гняздзіцца беркут, але сёлета дрэва, на якім было гняздоўе, павалілася. Вось  трэба дапамагчы птушцы з “жыллём”, – адзначыў арнітолаг. Дарэчы, Уладзімір Іваноўскі сам устанавіў ужо каля 700 штучных гняздоўяў, з іх 300 – у заказніку “Казьянскі”.
Наперадзе ў захавальнікаў тэрыторыі “Казьянскі” багата работы, кожны іх крок дапаможа захаваць багацце і разнастайнасць роднага краю, захаваць родную прыроду нашчадкам.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №47 ад 17.06.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *