90-летний юбилей отметила жительница деревни Засинники Ефросинья Баранова

Людзі і лёсы

“А я нарадзілася ў святы дзень”
На мінулым тыдні да жыхаркі вёскі Засіннікі Ефрасінні Ісакаўны Баранавай завіталі госці: намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” А. В. Асташонак, старшыня прафсаюзнай арганізацыі прадпрыемства А. В. Клюева, старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі В. Ф. Краўчанка. Нагода для візіту была важкая – павіншаваць былую даярку і загадчыцу фермы Засіннікі калгаса імя Леніна з 90-годдзем.
«А я нарадзілася ў святы
дзень – на Благавешчанне, – гаворыць Ефрасіння Ісакаўна. – Напэўна, таму і беражэ мяне Бог, дае яшчэ крыху сіл».
Юбілярка расказала пра жыццё ў маладосці, пра родную вёску Альшанку, якая знаходзілася на тэрыторыі Жарабыцкага сельсавета. Згадала і ваеннае ліхалецце, у час якога была залічана ў запасны батальён на тэрыторыі Ашмянскага раёна: разам з іншымі дзяўчатамі пякла хлеб, саліла сала, якія потым адпраўлялі байцам.
Муж Е. І. Баранавай  Мікалай Фёдаравіч змагаўся на фронце. Яго даўно ўжо няма… Пайшлі з жыцця і трое дзетак Ефрасінні Ісакаўны. Астатнія трое дзяцей прыязджаюць да матулі, наведваюцца і 15 унукаў. А яшчэ Е. І. Баранава мае 10 праўнукаў і адну прапраўнучку. З гэтай нагоды Ефрасіння Ісакаўна ўсміхаецца: ”Багатая я, маю кроўнай радні амаль тры дзесяткі чалавек. Мне прыемна радавацца за іхнія поспехі, прыемна, калі ўнукі добра працуюць ці вучацца. Тады думаю, што гэта ж і мае гены, і мая крывіначка дапамагае ім у гэтым”.
У святочны дзень юбілею Ефрасіння Ісакаўна атрымала шмат падарункаў і цёплых пажаданняў ад родных, знаёмых, суседзяў. Была шчаслівая не столькі ад кветак, колькі ад людской увагі і памяці. “Ну, калі вы ўсе ад шчырага сэрца зычыце мне пражыць да ста гадоў, то пастараюся. Хачу, каб і на наступны юбілей у маёй хаце было ж столькі прыемных усмешак і пажаданняў”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №28 ад 16.04.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *