В Слободской школе дети летом и отдыхают, и работают

Актуалии Образование

І бавяць час, і працуюць
У разгары летнія канікулы, але вучняў Слабадской школы мы засталі за работай: хлопчыкі з рыдлёўкамі і граблямі ў руках выроўнівалі пляцоўку на тэрыторыі дзіцячага садка, а дзяўчаты ў кабінеце абслугоўваючай працы шылі пасцельную бялізну і шторы.  Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама  Л. Г. Сямёнава расказала, што ў Слабадской школе, а таксама ў  СШ № 2 г. п. Шуміліна, Обальскай і Мікіціхінскай школах, працуюць лагеры працы і адпачынку.  Дзеці не толькі цікава бавяць час, але і займаюцца карыснымі справамі.
Па словах галоўнага спецыяліста ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Л. Г. Сямагінай, у рамках другаснай занятасці са сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва на Слабадскую школу выдзелена 30,9 мільёна рублёў, з якіх на пакупку матэрыялаў выкарыстана 8,1 мільёна. Шыць пасцельную бялізну і шторы слабадскія школьнікі будуць яшчэ месяц, на працягу ліпеня.
“Я не першы год наведваю лагер і вельмі задаволена, – кажа дзесяцікласніца Наталля Гусакова. – Я навучылася добра шыць, думаю, гэтыя навыкі спатрэбяцца мне ў далейшым жыцці. Падабаецца, што можна яшчэ і зарабіць уласныя грошы. Думаю, выйдзе больш за мільён рублёў.  Планую купіць мабільны тэлефон”. Другі год наведвае лагер працы і адпачынку дзевяцікласнік Мікіта Вараб’ёў. За ўласны заробак Мікіта плануе купляць красоўкі і футболку.
“У нашай школе лагер працы і адпачынку працуе некалькі гадоў запар, – расказала дырэктар Слабадской дзіцячы сад-сярэдняй школы А. М. Пузікава. – Дзеці праполваюць і паліваюць кветнікі, займаюцца навядзеннем парадку на тэрыторыі школы. Дзяўчаты шыюць пасцельную бялізну не толькі для нашага дзіцячага садка, але і для іншых устаноў адукацыі”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №51 ад 01.07.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *