Дарагі Дзед Мароз, падары мне…

Актуалии Семья

Дарагі Дзед Мароз, падары мне…

Хутка Новы год! Дарослыя ламаюць галаву, што падарыць дзецям на свята, дзеці пішуць лісты да Дзеда Мароза, каб той прынёс жаданы падарунак.  У сувязі з гэтым хачу расказаць пра даўні выпадак са сваёй дачкой, калі таемнае стала раптам відавочным.
Аднойчы напярэдадні новага года, калі прыехала мая дачка-студэнтка, мы рашылі дастаць скрынку з навагоднімі цацкамі, каб іх перагледзець, высветліць, што яшчэ трэба падкупіць. Яна зняла скрынку з антрэсоляў і я пачала пераглядаць цацкі. А дачку зацікавілі  першыя школьныя сшыткі і дзённікі, якія я таксама захоўвала на антрэсолях.
Яна пачала здымаць папку са сшыткамі, і з яе раптам вылецеў файл са стракатымі самаробнымі канвертамі. “Мама, дык гэта ж  мае лісты, якія я пісала Дзеду Марозу, калі была маленькая?!” – на яе твары было і здзіўленне, і радасць. Мы пачалі іх разглядаць, успамінаць і смяяцца над першымі крамзолямі,  дзіцячымі марамі і пажаданнямі.
“Вось першы ліст, калі ты яшчэ не магла пісаць. Я зрабіла вялікі канверт з альбомнай паперы, а ты ўпрыгожвала яго дожджыкам, наклейкамі, малявала елачку, сняжынкі. Канверт я падпісала буйнымі друкаванымі літарамі “Дзеду Марозу”, а ты фламастарамі іх абводзіла. А ліст з тваімі пажаданнямі я напісала сама”, – успамінала я. Потым мы заклеілі канверт, апрануліся, спусціліся да нашай паштовай  скрыні, якая вісіць у пад’ездзе,  я падняла яе на руках і яна кінула ліст у скрыню. Я гаварыла, што дзядулевы памочнікі перад Новым годам абыходзяць усе дамы, зазіраюць у паштовыя скрыні і забіраюць гэтыя лісты. А на другі дзень, калі ўвечары вярнуліся дадому, я адкрыла паштовую скрыню і радавалася, што ліста там ужо няма.  Астатнія лісты да Дзеда Мароза яна рыхтавала ўжо без маёй дапамогі, зачыніўшы дзверы, каб ніхто не бачыў і не мог прачытаць іх.
Калі ваша дзіця яшчэ не напісала пісьмо Дзеду Марозу, зараз самы час зрабіць гэта. Падарыце казку свайму дзіцяці. Нягледзячы на занятасць, сядзьце разам з ім за пісьмовы стол.  Раскажыце, што кожны год мільёны хлопчыкаў і дзяўчынак  ва ўсім свеце звяртаюцца да Дзеда Мароза з просьбамі. Дзед Мароз – гэта вялікі чараўнік, да якога можна звяртацца з любым пытаннем. Усе лісты дзядуля ўважліва чытае і стараецца выканаць пажаданні дзяцей.  Дарэчы, калі вы будзеце пісаць гэты ліст разам, вы даведаецеся пра жаданы для вашага сына ці дачкі падарунак.
Менавіта так з’яўляліся пад нашай ёлкай і тэтрысы, і Барбі, і Кенты, і салодкія падарункі – усе мары і пажаданні выконваліся.
Пройдуць гады і ад дзіцячай наіўнасці не застанецца і следу. Няўжо не прыемна будзе ўсёй сям’ёй калі-небудзь дастаць з хатняга архіва самаробныя канверты і вярнуцца ў дзяцінства свайго любімага дзіцяці. Паверце, што гэта рэліквія дарагога каштуе.
Дзіцячую веру  трэба падтрымліваць, бо хіба можна вырасці шчаслівым чалавекам, калі ў дзяцінстве не было казкі?
Наталля МАГІЛЕЎСКАЯ.
Надрукавана ў №95 ад 06.12.2016 г.



3 комментария по теме “Дарагі Дзед Мароз, падары мне…

  1. Хорошая статья но фото….(зачем заграничный Санта ???)…неужели нет наших, пусть и Советских картинок Деда Мороза. Хотя бы авторы статей берегли бы родное, национальное. Кругом сквозит ЗАПАДОМ.

  2. От редакции: Спасибо за комментарий, вы правы на сто процентов, фотографию заменили.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *