Бригада, которой всё под силу

Актуалии Край шумілінскі

На строительстве нового дома в г.п. Шумилино

Брыгада, якой усё пад сілу
Брыгадзіра комплекснай брыгады ПМК-70 В. Р. Чарвянкова час ад часу сустракаю па дарозе на работу. Нярэдка — за гаворкай па мабільніку. Перад рабочым днём ён удакладняе: чаго не хапае, што трэба прывезці ў першую чаргу, а што — можна і пасля.
Клопатны ў Валерыя Чарвянкова кожны рабочы дзень. Нават у выхадныя і святочныя, калі трэба фарсіраваць тэмпы і даць  брыгадзе рабочых зарабіць больш прыстойна.
Вось мы на галоўнай для В. Р. Чарвянкова на сённяшні дзень будаўнічай пляцоўцы — жылым кааператыўным доме ў раёне СШ № 2. Узнімаюся на чацвёрты, не закончаны з кладкай сцен, паверх з тым, каб пагутарыць з Валерыем і яго брыгадай, зрабіць здымкі.  Заспяваем брыгадзіра за нівелірам. У людзей настрой рабочы, на ўздыме. На пляцоўках завіхаліся муляры, выкладалі перагародкі, сцены, на другім канцы дома трое чалавек прымалі пліты ад вежавага крана. Усё рытмічна, без збояў, арганізавана.
— А інакш нельга, — заўважае брыгадзір. — Калі б працавалі з халадком, не мелі б поспехаў…
А поспехі ёсць, і прыйшлі яны ў многім дзякуючы майстэрству вопытных муляраў, бетоншчыкаў, мантажнікаў і, вядома, руплівасці і дзелавым якасцям самога Валерыя Раманавіча. Брыгадзір не прамінуў пахваліць Івана Герона, Ігара Гусакова, Дзмітрыя Міхайлава, Леаніда Саўчанку, Генадзя Булаха, Валерыя Баравікова, свайго намесніка Руслана Чарвянкова… Ды хіба пералічыш усіх, хто варты ўдзячнага слова? Важна і іншае: дбае кіраўніцтва мехкалоны  пра новыя механізмы для рабочых. Набылі ў брыгаду  бурыльную, бетонарэзальную машыны, ёсць у іх «Фартуна», словам, усё, каб памнажаць свае здабыткі.
ЖБК у раёне СШ № 2, кладку якога муляры неўзабаве закончаць, — не адзіны клопат брыгады. Цераз дарогу ад таго дома, што будуецца, вырасце трэці кааператыўны дом у мікрараёне. Не забываюць у брыгадзе пра кааператыў, што ўзводзіцца ў Обалі, не меншы клопат для будаўнікоў — рэканструкцыя фермы Амбросавічы ААТ “Прыазёрны мір”. І ўсюды брыгада (а яна з 46 чалавек) спраўляецца, усё ёй пад сілу.
Мікалай ЯНЧЫН.
Надрукавана ў №29 ад 19.04.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *