102: в центре внимания — оперативно-дежурная служба Шумилинского РОВД

Актуалии Общество

Спакой ім толькі сніцца
Аператыўна-дзяжурная служба, створаная 12 ліпеня 1966 года, сёння святкуе 50-гадовы юбілей.
“Аператыўна-дзяжурная служба. Чым можам вам дапамагчы?” – такія словы чуюць жыхары раёна, якія набіраюць нумар 102. У дзяжурцы рэагуюць на кожнае паведамленне ці правапарушэнне, заяву аб злачынстве, розныя здарэнні. “Інакш і быць не можа: калі чалавек звярнуўся за дапамогай, міліцыянеры павінны апраўдаць давер, –  кажа старшы аператыўны дзяжурны аператыўна-дзяжурнай службы Вячаслаў Жлукцёнак. – Большасць жыхароў раёна звяртаецца да нас па тэлефоне, а некаторыя прыходзяць асабіста пісаць заявы.  Усе паведамленні рэгіструем і аператыўна рэагуем на кожнае з іх. На злачынствы тэрмінова адпраўляем следча-аператыўную групу.  А пра цяжкія злачынствы адразу паведамляем начальніку РАУС або адказнаму па аддзелу. Праверыць інфармацыю, якая паступіла ад грамадзян, даручаем участковым інспектарам. Бывае, што за дзень паступае больш за дваццаць розных паведамленняў.
За студзень-чэрвень гэтага года зарэгістравана 1995 заяў грамадзян, паведамленняў аб правапарушэннях і розных здарэннях”.
Як адзначаюць работнікі аператыўна-дзяжурнай службы, колькасць розных паведамленняў павялічваецца летам, а таксама ў выхадныя і святочныя дні.  Аператыўна-дзяжурная служба, можна сказаць, – твар міліцыі. Першае, што бачаць людзі, якія заходзяць у РАУС – работнікаў дзяжурнай службы. І ад іх ветлівасці, тактоўнасці, аператыўнасці і дакладнасці часам залежыць імідж усёй міліцыі.
“Як старшы аператыўны дзяжурны я задаволены сваім калектывам, – кажа Вячаслаў Жлукцёнак. – Хлопцы надзейныя, яны арыентуюцца ў рабоце ўсіх міліцэйскіх падраздзяленняў, дасканала валодаюць спецыфікай іх дзейнасці. Хочацца павіншаваць калектыў з 50-годдзем аператыўна-дзяжурнай службы, пажадаць дабрабыту, моцнага здароўя, плёну ў рабоце і як мага менш трывожных званкоў”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №54 ад 12.07.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *