В Мишневичском сельсовете ветеранов войны поздравили с юбилеем

Актуалии Общество

За свет уратаваны вам дзякуй, ветэраны!
Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь пяць ветэранаў вайны і працы, які жывуць ў вёсках Мішневіцкага сельсавета, справілі юбілеі. Да іх з віншаваннямі і падарункамі завіталі старшыня раённай ветэранскай арганізацыі К. Ф. Палоўнікава і старшыня Мішневіцкага сельвыканкама  Г. У. Зязюлька.
Нядаўна споўнілася 95 гадоў Алене Фёдараўне Дзмітрыевай з Мішневіч і Валянціне Іларыёнаўне Максімавай з Сураўнёў. Абедзве жанчыны ў час Вялікай Айчыннай вайны былі ў партызанскай брыгадзе імя Кароткіна. Алена Фёдараўна расказала, што разам з іншымі дзяўчатамі мыла для партызан бялізну. “Бывала, прывязуць цэлую груду салдацкай бялізны, бруднай, часта ў крыві, і за дзень трэба ўсё вымыць, – згадала жанчына. – Грэлі ваду на кастры, церлі бялізну на спецыяльных дошках для мыцця. Працавалі так, што сціралі скуру на пальцах да крыві. Было цяжка, але суцяшала адно: мы дапамагаем партызанам, а значыць, набліжаем перамогу. Я часта думаю: дзякуй богу, што зараз мы жывём у мірны час, што мае дзеці і ўнукі не бачылі таго ліхалецця, з якім супала мая маладосць. Жадаю ўсім людзям міру на зямлі”.
У атрадзе “За Перамогу” разам са сваім родным братам Пятром ваявала Валянціна Іларыёнаўна Максімава. Усяго ў атрадзе было больш за дваццаць жанчын. Замест дамскай сумачкі  на плячы – аўтамат ці санітарная сумка, за поясам – пісталет, а часам і граната-”лімонка”. Жанчына расказвала сваім родным, як на барацьбу з партызанамі былі кінуты фашысцкія вайсковыя часці, на ўзбраенні якіх былі артылерыя і танкі, як немцы наступалі з боку Обалі на Роўнае, з Сіроціна – на Мішневічы, з Гарадка – на Сураўні. Партызанскі атрад “За Перамогу” апынуўся ў цэнтры гэтага трохкутніка, прыйшлося адыходзіць у вёску Белае Полацкага раёна…
95-годдзе адзначыла і старэйшая жыхарка в. Красамай Марыя Дзмітрыеўна Іванова (на здымку). Жанчына добра памятае вайну і тое, як яе, 20-гадовую дзяўчыну, у 1943 годзе прызвалі на ваенную службу. Яна апынулася на 1-м Беларускім фронце, у 159-й стралковай дывізіі.  “Нам, дзяўчатам, даверылі важную работу: ноччу мы разгружалі вагоны з боепрыпасамі, а днём грузілі скрыні са зброяй на грузавыя машыны, якія потым адпраўлялі на фронт, – расказала ветэран. – Помню, скрыні былі да таго цяжкія, што ледзь падымалі іх учацвярых. І пасля вайны, калі некаторыя ўхмыляліся і казалі: ”Ды што там дзяўчаты на фронце рабілі, толькі галаву кружылі салдатам”, я заўсёды адказвала: “Мы працавалі, ваявалі, дапамагалі. А кружыць галаву не было калі. Пра каханне думалі пасля перамогі”. Дарэчы, на 1-м Беларускім фронце ваяваў і муж Марыі Дзмітрыеўны. З вайны вярнуўся са шматлікімі ранамі, якія не далі доўга пражыць.
Са словамі віншаванняў  завіталі да Веры Пятроўны Дарафеевай з Сураўнёў, якая нядаўна адзначыла 90-годдзе, і Браніслава Міхайлавіча Раманава з Мішневіч (ён адсвяткаваў 80 год з дня нараджэння). Абодва юбіляры – былыя малалетнія вязні. Ім было што расказаць пра жахі Вялікай Айчыннай, пра дзяцінства і юнацтва, апаленае вайной.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №54 ад 12.07.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *