Шумилинская районная гимназия-интернат. Интервью с директором. Факты. Цифры. Учителя. Ученики.

Актуалии Образование

Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Шумілінская раённая гімназія-інтэрнат” працуе восьмы год. 81 выпускнік гімназіі працягвае адукацыю ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных установах, а першыя выпускнікі пачалі працоўную дзейнасць. Пакінуць сцены гімназіі рыхтуецца шосты выпуск.
Выпускнікі гімназіі паступаюць у прэстыжныя навучальныя ўстановы (БГУіР, Акадэмія МУС, ВГМУ, БДЭУ). Чатыры “залатыя” медалісты  выйшлі з гімназіі, сем пасведчанняў асаблівага ўзору – добрыя надзеі на будучыя медалі.
Навучэнцы раённай гімназіі з поспехам выступаюць на Рэспубліканскай прадметнай алімпіядзе: за 6 год – 69 прызёраў раённага этапа, 7 – абласнога. Вучні займаюцца навуковай дзейнасцю і годна абараняюць  работы. А поспехі на спартыўных пляцоўках (каманда гімназіі — пераможца раённай спартакіяды сярод вучняў) сведчаць пра ўсебаковае развіццё выхаванцаў установы адукацыі.
Якасць адукацыі забяспечвае высокакваліфікаваны педагагічны калектыў: 26 настаўнікаў, 10 выхавальнікаў. Больш за 50% педагогаў маюць педстаж 20 гадоў і больш. 24 педагогі маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Галоўнае патрабаванне да педагогаў – быць актыўным, творчым, у заўсёдным пошуку. Сярод педагогаў ёсць удзельнікі і нават пераможца раённага этапа конкурсу “Настаўнік года”.
Асаблівасцю раённай гімназіі з’яўляецца тое, што дзеці тут не толькі вучацца, але і жывуць. Бо са 107 вучняў палова – з усіх куткоў Шумі-ліншчыны.  Таму для дзяцей у гімназіі добры інтэрнат з утульнымі пакоямі. Выхавальнікі, ды і ўсе педагогі імкнуцца, каб дзецям было не так сумна ўдалечыні ад бацькоўскага дома. Для дзяцей арганізавана чатырохразовае харчаванне. Дзень гімназіста насычаны. Сумаваць няма калі: урокі, факультатывы, гурткі, спартыўная зала і стадыён.
На пытанні журналіста адказвае дырэктар гімназіі Ларыса Уладзіміраўна Маладзечкіна.
– Скажыце, калі ласка, што часта сніцца дырэктару гімназіі?
– Сніцца прыгожая ўстанова адукацыі новага тыпу з прасторнымі калідорамі, сучаснымі вучэбнымі кабінетамі. Думаю, мне сніцца наша гімназія менавіта такой, якой яна будзе ў хуткім будучым.
– А канкрэтна сённяшні Ваш дзень як пачаўся?
– Пачаўся ён пешай прагулкай з Шуміліна да Лескавіч па свежым паветры. За гэты час я паспела абдумаць план работы на дзень і не толькі.
– Якія дасягненні гэтага навучальнага года лічыце асабліва важнымі, чым ганарыцеся?
– Ну, па-першае, мы ганарымся нашымі трыма медалісткамі. Акрамя таго, нашы дзеткі ўжо на працягу некалькіх год становяцца пераможцамі ў раённай спартакіядзе школьнікаў. Яшчэ нельга не сказаць і пра інавацыйную дзейнасць. На базе гімназіі і раней рэалізоўваўся абласны праект “Эфектыўная школа”, што дазволіла палепшыць якасць адукацыйнага працэсу. І зараз мы таксама займаемся рэалізацыяй абласнога праекта, які прадугле-джвае пераемнасць “урок-факультатыў”, што зноў жа дазваляе дзецям атрымліваць больш якасныя веды. Акрамя гэтага, мы ганарымся тым, што ў нас ёсць магчымасць міжнароднага супрацоўніцтва: рэалізуем інавацыйны праект “Мост сяброўства”, які прадугледжвае развіццё камунікацыйных здольнасцей вучняў па англійскай мове. Нашы дзеці маюць анлайн-узаеміны з вучнямі адной з гімназій Польшчы. Дарэчы, англійская мова вывучаецца на павышаным узроўні: яна ў дзяцей – пяць разоў на тыдзень, як і матэматыка.
– У мяне сын сёлета яшчэ толькі пойдзе ў школу, але я ўжо ведаю, што ні ў якую гімназію яго не адпушчу. Пераканайце мяне і такіх, як я, у адваротным.
– Калі вы аддаяце дзіця ў школу, то заўжды прыкідваеце, якое будучае яму дастанецца, заўжды нешта плануеце. Калі вы загадзя ведаеце, што ён будзе працаваць па рабочай спецыяльнасці, то я думаю, што гімназія яму не патрэбна. А калі ж вы хочаце, каб ваша дзіця развівалася, каб прынесла карысць грамадству ў распрацоўцы нейкіх новых праектаў, каб займалася навуковай дзейнасцю ці даследчай, ці займала ў будучым кіруючую пасаду, то для гэтага яму абавязкова неабходна вышэйшая адукацыя.
– Хіба толькі гімназія гарантуе паступленне?
– У сучасных умовах арга-нізацыі сістэмы адукацыі асноўная задача па падрыхтоўцы будучых студэнтаў ВНУ кладзецца на плечы менавіта такіх устаноў, як гімназія. Таму наша мэта – 100-працэнтнае паступленне нашых выпускнікоў у ВНУ, а вы ўжо рабіце вывад, хочаце вы, каб ваша дзіця атрымала якасныя веды, якія дапамогуць яму не толькі паступіць, але і быць сучасным чалавекам, усебакова развітым,  ці не. Калі так – запрашаем. Здавайце іспыты – і ў гімназію.
– Вы кажаце пра 100-працэнтнае паступленне, а наколькі блізкія вы сёння да гэтай лічбы?
– У нас 88% выхаванцаў паступілі ў ВНУ. Прычым з усяго выпуску бывае 1-2 чалавекі, якія не праходзяць на бюджэт і вучацца платна. Усе астатнія – бюджэтнікі.
– У вас асаблівая школа: тут дзеці не проста вучацца, яны тут жывуць, што ўскладае на гімназічны калектыў асаблівую адказнасць. Дзецям тут павінна быць спакойна і цікава.
– Ведаеце, з аднаго боку, іх стацыянарнае знаходжанне дазваляе дадаткова папрацаваць з дзіцяці, калі ў гэтым ёсць неабходнасць, і пасля ўрокаў. Гэта – плюс. Мінус у тым, што дзеткі не дома, без мамы і таты, без прывычнага асяроддзя.  Але мы, паверце, стараемся прыкласці ўсе намаганні, каб нашым дзецям было добра.
Я хачу сказаць, што ў гімназіі створаны вельмі добрыя ўмовы. У нас выдатны  інтэрнат, эстэтычна аформленыя пакоі, сучасны харчаблок з галандскім абсталяваннем, вельмі добрая абедзенная зала з сучаснай мэбляй, гарачая вада і ўсё іншае, што неабходна для камфорту. І калектыў выхавацеляў падабраны такім чынам, што яны здатныя вырашаць усе магчымыя праблемы дзяцей.
– Зараз у вас больш за сто вучняў, ці ўдасца і надалей утрымліваць такія пазіцыі?
– Я думаю, што мы не проста будзем трымацца на ўзроўні, мы будзем развівацца і далей. Мяркую, што па выніках гэтай уступнай кампаніі наша гімназічная сям’я стане яшчэ большай. І на перспектыву мы плануем кожны год павялічваць колькасць вучняў.
– Як гэта магчыма? Не паедуць жа да нас дзеці з іншых раёнаў?
– Чаму? Сёлета мы плануем запрасіць да нас у гімназію вучняў Гарадоцкага раёна, дзе сваёй такой установы няма. Мне ўжо званілі бацькі адтуль, цікавіліся ўмовамі паступлення.
– Значыць, вы тут аселі, што называецца, усур’ёз і надоўга, нават, чула, і карову завялі.
– Гімназія сельская, у нас пяць гектараў зямлі,  і базу матэрыяльную нейкім чынам умацоўваць трэба, таму мы і завялі падсобную гаспадарку, дзе не толькі карова, але і свінні, і конь, а нядаўна з’явілася жарабя. Малако ідзе на харчаблок,  рэшткі рэалізуем насельніцтву.
Плануем поўнасцю забяспечваць сябе сельгаспрадукцыяй. І гэта не толькі бульба, гародніна, але і садавіна. Мы разбілі школьны сад і спа-дзяемся ў хуткім  часе круглы год карміць гімназістаў экалагічна чыстымі прадуктамі.
Дасведчая настаўніца – гэта вельмі добра, іншых у гімназіі і няма. Але калі яна яшчэ і маладая, задорная і лёгкая на пад’ём, то гэта проста выдатна. Раёнка не раз пісала пра Святлану Кучмарову і як пра выдатнага маладога біёлага, і як пра пераможцу конкурсу “Настаўнік года”. Думаецца, што нагоду патрапіць на пяро журналіста гэтая дзяўчына дасць яшчэ не раз, бо актыўная, адкрытая для ўсяго новага, перадавога, бо нястомная ў імкненні да ідэалу ва ўсім. Чамусьці не пакідае цвёрдая ўпэўненасць у тым, што гэтая настаўніца навучыць сваіх падапечных не толькі біялогіі, але і нечаму яшчэ, магчыма, і больш важнаму.
Раіса Міхайлаўна Піскунова – матэматык з такім стажам паспяховай работы ў раёне, што дабавіць нешта новае да яе паслужнога спісу складана. Яна граматны педагог, адказны, мае сваю, выпрацаваную і адшліфаваную гадамі, сістэму выкладання.
Вучні ў 10-11 класах, якія абралі матэматычны профіль навучання, могуць адчуваць сябе абсалютна спакойна, у сэнсе, упэўнена, бо маюць усе шансы паступіць у ВНУ.  Ды нават калі і не звязваць ушчыльную сваё жыццё з гэтай няпростай дакладнай навукай, то матэматычнае мысленне яшчэ нікому не перашкодзіла, упэўнена настаўніца.

Прафесія настаўніка для Тэрэсы Альфонсаўны Федаровіч, выхавальніцы і настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, – прызванне.   Яна дапамагае выхаванцам і ў арганізацыі вольнага часу, далучаючы да мастацкай творчасці і спорту. Яе гімназісты паспяхова прымаюць удзел у   раённых і абласных конкурсах і выставах.
Настаўніца лічыць, што для таго, каб дзеці любілі сваю Радзіму, размаўлялі на роднай мове, трэба праводзіць літаратурныя гасцёўні, вечарыны, завочныя падарожжы па родных і мілых сэрцу мясцінах Беларусі, сустрэчы з цікавымі людзьмі. І не менш важнае – выхаваць вучняў высакароднымі, працавітымі, навучыць іх любіць роднае слова.

Што дала вам гімназія?
Кацярына Сыцько (а.-г. Светласельскі):
– Я пачала вучыцца ў гімназіі з першага дня яе ўтварэння. Гімназія дала добры старт у жыццё, навучыла пачуццю калектывізму,  самастойнасці.  Дзякуючы добрым настаўнікам я паступіла ў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт. І што цяпер мне лёгка вучыцца, я ўдзячна гімназіі.
Анатоль Шалюта (а.-г. Башні):
– Гімназія дала добрыя веды, навучыла быць добрым і шчырым чалавекам. Я вучуся на юрыдычным факультэце ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце. Не хачу хваліцца, але веды не горш, чым у віцебскіх студэнтаў. Таму гімназію ўспамінаю з удзячнасцю.
Уладзімір Тарасаў (а.-г. Мішневічы):
– Цяжка сказаць, дзе б я цяпер вучыўся, калі б бацькі ў свой час не настаялі пайсці ў гімназію. Гэта навучальная ўстанова дае не толькі веды. Вучыць самастойнасці, фарміруе дастойныя рысы характару – працалюбства, настойлівасць. Я сёлета заканчваю Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт.
Анастасія Шырокая (в. Добрына):
– Мяне навучылі спадзявацца на сябе, а не на іншых. Менавіта ў гімназіі  я спазнала сапраўднае сяброўства, паважаць чалавека працы, цаніць тое, што ў мяне ёсць.
Антон Баранаў (г. п. Шуміліна):
–  Гімназія для мяне – гэта другі дом. Там правёў пяць гадоў. Заўсёды з цеплынёй згадваю любімыя ўрокі і паза-класныя мерапрыемствы, сваіх выхавацеляў, настаўнікаў.  Асабліва ўдзячны настаўніку фізікі А. Г. Каралёву і настаўніцы матэматыцы Н. П. Саўчанка, якія добра мяне падрыхтавалі для паступлення ў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт.
Юлія Каваленка (в. Полькавічы):
– У гімназіі я вучылася з пятага класа. Яна для мяне – як нешта роднае, незабыўнае. Веды ў гімназіі даюць вельмі добрыя. І тыя мае аднакласнікі, хто стараўся вучыцца, усе паступілі ў выбраныя навучальныя ўстановы.
Андрэй Папіна (а.-г. Крывое Сяло):
–  Я вельмі задаволены, што вучыўся ў гімназіі. І веды тут атрымаў добрыя, і сяброў набыў, і навучыўся не адступаць перад пастаўленай мэтай. І хочацца параіць вучням усіх школ раёна: не трэба баяцца паступаць у гімназію.
Надрукавана ў №26 ад 02.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *