В Шумилино меняют теплотрассы – зимовать станет теплее

Актуалии

Служба цепласетак у клопатах…
Лета папесціла нас цяплом і схавалася за гарызонтам. Якую пагоду паднясе восень, яшчэ пабачым. Але што прыйдзе зіма са сцюжай і завеямі – неаспрэчна. І хочацца, каб цёпла было і дома, і на рабоце.
Пытанне пра падрыхтоўку да зімы райцэнтра адрасавалі начальніку ўчастка цепласетак УП ЖКГ Я. А. Бараноўскаму.
– Яўген Антонавіч, чым азадачаны ўчастак цепласетак напярэдадні ацяпляльнага сезона?
– Галоўныя задачы, якія пастаўлены перад рабочымі ўчастка, –своечасова прамываць сеткі, рамантаваць, весці замену цеплаправода. Такія работы асабліва інтэнсіўна вядзём летам. Зараз працуе дзве брыгады з 14 чалавек.
Але для якаснага абагрэву памяшканняў не толькі цепласеткі трэба прывесці ў парадак. Неабходна, каб бесперабойна працавала кацельня, а спажыўцы не наносілі шкоды працэсу падачы цяпла. Нагадаю, што самавольныя ўрэзкі ў сістэму вядуць да яе разрэгуліроўкі, да збояў у падачы цяпла і гарачай вады. Усе работы трэба рабіць толькі па зацверджаным праекце і ўзгадняць у аддзелах архітэктуры і ЖКГ райвыканкама.
– Жыхароў шматкватэрных дамоў цікавіць, як часта неабходна прамываць сістэму ацяплення і хто за гэта плаціць?
– Сёлета прамыўку сістэмы вядзём выбарачна ў больш праблемных шматкватэрных дамах, на якіх закальцоўваецца  падача цепланосьбіта. Гэта чвэрць дамоў “Верхняга горада”, асобныя шматпавярхоўкі ў Шуміліне і Обалі. Раней штогод вялі прамыўку сістэмы ацяплення ў кожнай арганізацыі і ў кожным шматкватэрным доме. Чаму не ўсе сеткі прамываем сёлета? Лічыцца, што такой неабходнасці няма і можна перайсці на графік прамыўкі цеплаправода адзін раз у чатыры гады. Гэта дапушчальна, тым больш, што на прамыўку сістэмы аднаго трохпавярховага на 27 кватэр дома трэба патраціць 6,5 мільёнаў рублёў. Работы вядуцца за сродкі камунгаса.
– Зараз інтэнсіўна ідзе замена старых труб на прадізаляваныя, наколькі гэта апраўдана?
– Такія трубы будуць добра служыць без страт цяпла на працягу 50 год. На сёння вядуцца работы на ўчастку ад будынка раённага аддзялення паштовай сувязі па вуліцы Луначарскага да дома № 2 па Шумілінскай. Распачаты яны па спецыяльным праекце яшчэ ў мінулым годзе. Тут ужо заменена 350 метраў старых труб на прадізаляваныя, трэба паспець да халадоў пракласці яшчэ крыху больш за 100 метраў.
Памянялі 80 метраў старых труб на сучасныя на вуліцы Ленінскай. І ў “Верхнім горадзе”, у раёне вуліцы 70 год БССР, замянілі 80 метраў труб на прадізаляваныя большыя па дыяметры.  Але дзе пакуль няма магчымасці пакласці такія сучасныя трубы, мяняем і на звычныя.
На вуліцах Юбілейнай, Піянерскай, Шумілінскай, Кароткіна, Луначарскага праводзім цеплаізаляцыю надземных труб. Матэрыялаў закупілі дастаткова. Але ў сувязі з гэтым вялікая просьба у нас да прадпрыемстваў і жыхароў  раёна: адносіцца да цепласетак беражліва, нельга здымаць, псаваць уцяпляльны матэрыял, гэта пагражае размарожваннем труб. Трэба берагчы агульную маёмасць і працу многіх людзей.
– Яўген Антонавіч, часам жыльцы асобных дамоў наракаюць на высокія паказчыкі гігакалорый, затрачаныя на ацяпленне і падагрэў вады, з-за чаго і аплата вялікая. Хацелася б неяк зменшыць гэтыя выдаткі.
– Рабочыя ўчастка цепласетак шмат работ правялі па рэвізіі цеплавой арматуры: праверылі і, дзе неабходна, замянілі краны, засаўкі, вентылі. Правялі (ў адпаведнасці з графікам) паверку сямідзесяці агульных лічыльнікаў цепланосьбітаў.
Лічыльнік паказвае, колькі дом спажыў цяпла, і тут ужо нічога не зробіш, прыйдзецца аплаціць…
А каб расходы былі меншымі, трэба дасканала ўцяпліць вокны, дзверы, балконы, пад’езды і падвалы.
– Служба ЖКГ шмат працуе па зваротах насельніцтва. Якія заяўкі грамадзян асабліва праблемныя для вашага ўчастка?
– Сапраўдны галаўны боль выклікаюць сушылкі для ручнікоў. Праблема ў тым, што парушаны схемы іх падключэння яшчэ пры будаўніцтве дамоў, і разабраць галаваломку практычна немагчыма. І нават у тых рэдкіх дамах, дзе, здаецца, усё падключана правільна, сушылкі працуюць толькі пры адначасовым карыстанні гарачай вадой усімі жыльцамі пад’езда…
– Чаго не хапае для больш інтэнсіўнай работы участка?
– Безумоўна, хочам займець новыя сучасныя гідравакуумныя ўдарнікі, іншае абсталяванне, інструменты. Пакуль няма такой магчымасці, усё ўпіраецца ў фінансы. Не засмучаемся, робім сваю справу старанна. Мяркуем, што адпрацуем і ў сёлетнія халады ў нармальным рэжыме.
Таццяна РАСТОЎСКАЯ.
Надрукавана ў №70 ад 13.09.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *