50 лет вместе. У Есиповых в деревне Горовые — золотая свадьба!

Людзі і лёсы Сям’я

“Прамаўчаць, калі хочацца пакрыўдзіць”
Разам з артыстамі аўтаклуба раённага цэнтра культуры мы завіталі да Ніны Дзмітрыеўны і Ільі Іванавіча Есіпавых ў вёску Гаравыя Обальскага сельсавета. Нагода была важкай – 50-годдзе сумеснага жыцця.
Артысты аўтаклуба віншавалі Есіпавых з залатым вяселлем, дарылі ім любімыя песні маладосці.
“50 гадоў – невялікі адрэзак жыцця, мы не заўважылі, як хутка прабеглі гады”, – усміхаецца Ілья Іванавіч. Ён і сёння застаўся такім жа жартаўніком, як і ў маладосці. Такі ж працавіты і ў той жа час сціплы: не любіць упустую хваліцца. Хаця ёсць чым, і ў першую чаргу сваёй сям’-ёй, добрымі дзецьмі і ўнукамі.
Есіпавы расказалі пра гісторыю свайго кахання. Ілья Іванавіч, які жыў у Гаравых, вельмі рэдка хадзіў на вечарынкі. Таму сябры вырашылі яму дапамагчы ажаніцца: адразу адправіліся ў сваты да добрай працавітай дзяўчыны ў вёску Ваўчкі. Ілья і Ніна завочна ведалі адзін аднаго. І праз паўгода справілі вяселле. “Падрабязнасці вяселля не згадаю – столькі гадоў прайшло, – прызнаецца Ніна Дзмітрыеўна. – Але ж памятаю сваю ружовую сукенку, якую шылі на заказ. А яшчэ – вялікі вясельны пірог, які пякла маці”.
Пасля вяселля маладая сям’я жыла ў Гаравых разам з бацькамі Ільі Іванавіча. Гаспадар працаваў вадзіцелем спачатку ў калгасе “Перамога”, затым – у калгасе “Обальскі”. А Ніна Дзмітрыеўна даіла кароў на ферме Ваўчкі і некалькі гадоў працавала паштальёнкай.
Ілья Іванавіч  лічыць, што ў іхнім сямейным жыцці “першую скрыпку заўсёды грала жонка”. Яна заўсёды разумела, падтрымлівала, была мудрай і цярплівай. І зараз з’яўляецца першай дарадцай гаспадара.
Пытаемся ў Есіпавых, у чым сакрэт іх сямейнага жыцця. “Я заўсёды губляюся пры такім пытанні, – кажа Ніна Дзмітрыеўна. – Лічу, што наша жаніцьба – самае лепшае, што магло адбыцца з намі. Жыццё пайшло ў патрэбным накірунку, і гэта самае галоўнае. А яшчэ ў мяне ёсць прынцып: прамаўчаць, калі хочацца пакрыўдзіць. Вось гэтага правіла прытрымліваюся паўстагоддзя. Думаю, яно немалаважнае для ладу і згоды ў сямейным жыцці”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №56 ад 19.07.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *