И дочки, и мамы — шестой школьный день в Шумилинской СШ №1

Образование Семья

Свята прыгажосці і таленту

Дзіўнае спалучэнне цёплага сонечнага сакавіка з такім пяшчотным словам “мама” падарыла першаклашкам і іх бацькам інтэлектуальна-забаўляльная гульня “Дочкі-маці”, якая ладзілася ў шосты школьны дзень у СШ №1.

У конкурсе ўдзельнічалі пяць жаночых пар (мама і дачка). Ім трэба было выканаць некалькі конкурсных заданняў: расказаць пра сябе, падзяліцца марамі і здзівіць усіх сваімі талентамі. Усе заданні мелі мудры падтэкст – высветліць, наколькі даверлівыя адносіны паміж мамамі і дочкамі, ці ёсць у іх камандны дух, без якога шчаслівую сям’ю не пабудаваць.
У “Візітнай картцы” кожная дзяўчынка ў цікавай форме (хто малюнкамі, хто вершамі, хто зрабіў плакат-прэзентацыю) распавядала пра сваю матулю, пра яе захапленні. А вось конкурс “Адкрыццё” паказаў, што дзяўчынкі вельмі любяць сваіх мам, і пацвярджэннем сталі тыя ласкавыя словы, якія яны ім казалі. Самым яркім і запамінальным стаў конкурс “Модніцы”, дзе мамам прапанавалі выступіць у ролі мадэльераў: трэба было зрабіць сваімі рукамі прыгожы капялюшык для сваёй дачкі. Было яшчэ шмат цікавых відовішчных выпрабаванняў.  Гледачы ў зале не сумавалі ні хвіліны, бо пакуль удзельніцы рыхтаваліся да выступленняў, вядучая мерапрыемства  Ірына Саўчанка прапанавала ім віктарыны і конкурсы. Упрыгожылі свята выступленні хлопчыкаў з 1 “А” класа, якія чыталі пранікнёныя вершы пра мам і дзяўчынак.
Усе ўдзельніцы былі настолькі выдатныя, што журы вырашыла не вылучаць кагосьці аднаго. Кожная сямейная пара стала пераможцам у адной з намінацый. Дыпломам у намінацыі “Самыя творчыя” былі ўзнагароджаны Алена і Анастасія Гур’евы, “Надзейнае плячо” – Вольга і Анастасія Шараковы, “Модныя штучкі” – Ірына і Яўгенія Кісялевіч, “Гаспадыні” –  Юлія і Кацярына Сцяпанавы. Перамогу ў намінацыі “Лепшыя сяброўкі” атрымалі Анастасія і Сафія Малашонак.
Малайцы матулі! Брава таленавітым дзяўчынкам!
Вольга КОЦІКАВА, няштатны карэспандэнт.
Надрукавана ў №22 ад 17.03.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *