В Шумилинской ПМК-70 и лесхозе прошли встречи с информационно-пропагандистскими группами райисполкома

Актуалии Президент

Па “гарачых” тэмах жыцця
Учора ў працоўных калектывах арганізацый і прадпрыемстваў раёна прайшлі сустрэчы з інфармацыйна-прапагандысцкімі групамі райвыканкама. Былі абмеркаваны “гарачыя” тэмы грамадска-палітычнага жыцця краіны, якія канкрэтызаваліся праз пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця нашага раёна.

Група, якую ўзначальвае старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Снараў, сустрэлася з будаўнікамі Шумілінскай ПМК-70.
Аляксандр Іванавіч падзяліўся сваімі ўражаннямі пра пяты Усебеларускі народны сход, удзельнікам якога ён быў. Кіраўнік раёна расказаў пра асноўныя вынікі сходу, пра задачы, што стаяць перад Шумілінскім раёнам па выкананні яго рашэнняў. Старшыня райвыканкама адзначыў важкі ўклад будаўнікоў у эканоміку раёна, будаўніцтва і рэканструкцыю сацыяльных аб’ектаў, высока ацаніў вынікі работы прадпрыемства, якое не выпадкова занесена на раённую Дошку гонару, з’яўляецца адным з лепшых у Віцебскай вобласці. Старшыня выказаў шчырую падзяку ўсім работнікам прадпрыемства і яго кіраўніку Аляксею Крыўко за добрасумленную работу ў складаных эканамічных умовах.
Кіраўнік раёна расказаў пра ход выбарнай кампаніі ў Парламент краіны, адзначыў актыўную ролю працоўнага калектыву ПМК-70, які падтрымаў вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў намесніка дырэктара ААТ “Віцебская птушкафабрыка” В. В. Міроша. “Зразумела, што ніякі дэпутат не вырашыць усіх нашых праблем, – адзначыў Аляксандр Снараў. – Але важна падтрымаць таго кандыдата, які будзе адстойваць інтарэсы жыхароў нашага раёна, будзе дапамагаць у рашэнні задач, накіраваных на паляпшэнне жыцця, развіццё прадпрыемстваў раёна”.
Старшыня райвыканкама выказаў упэўненасць, што ўсе прысутныя праявяць актыўную грамадзянскую пазіцыю, прымуць удзел у выбарах і падтрымаюць дастойнага кандыдата.
Падчас сустрэчы выступілі кіраўнікі раённых службаў: галоўны ўрач Шумілінскай ЦРБ Канстанцін Баканаў, дырэктар УП ЖКГ Іван Штуро, старшыня праўлення райспажыўтаварыства Уладзімір Лейзяровіч, пракурор раёна Сяргей Зайцаў, начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Сасновіч, якія расказалі пра работу па сваіх напрамках дзейнасці.
У работнікаў калектыву былі пытанні па гандлёвым абслугоўванні ў крамах райспажыўтаварыства, на навядзенні парадку на дваровых тэрыторыях і іншыя. Пасля агульнага сходу ў работнікаў ПМК-70 была магчымасць задаць пытанні членам групы ў індывідуальным парадку.

Інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Ірынай Новікавай правяла сустрэчу з працоўным калектывам ДЛГУ “Шумілінскі лясгас”.
Ірыне Мікалаеўне як непасрэднаму ўдзельніку Усебеларускага народнага сходу, гэтага знакавага маштабнага мерапрыемства, было што расказаць: яна ўзгадала асноўныя ключавыя моманты сходу, акрэсліла асноўныя задачы краіны і, адпаведна, раёна, на бліжэйшы час, падзялілася сваімі ўражаннямі.
Другім пытаннем, якое абмяркоўвалася падчас сустрэчы, былі выбары ў Парламент. Па словах Ірыны Новікавай, у раёне мерапрыемствы праходзяць згодна з зацверджаным каляндарным планам. Інфармацыю па тэме дапоўніў намеснік пракурора Андрэй Дзергачоў, адзначыўшы найперш, што перадвыбарная кампанія праходзіць строга згодна з заканадаўствам, без парушэнняў.
Пасля абмеркавання асноўных пытанняў адзінага дня інфармавання выступілі члены інфармацыйна-прапагандысцкай групы. У прыватнасці, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама
Віктар Саковіч агучыў асноўныя задачы, якія стаяць перад галіной адукацыі, а гэта, у першую чаргу, павышэнне якасці навучання і аптымізацыя ўстаноў адукацыі. Намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Іван Маскалькоў нагадаў асноўныя правілы пажарнай бяспекі і ў цэлым правілы паводзінаў ў  лесе, на вадзе, на транспарце, параіў берагчы сябе і сваіх родных, больш пільна сачыць за маленькімі дзеткамі, ні ў якім разе не пакідаць іх без нагляду. Пра першачарговыя задачы сваіх прадпрыемстваў расказалі намеснік дырэктара УП ЖКХ Уладзімір Воранаў і начальнік РВЭС Юрый Маскалькоў. Дапоўніла выступленні дырэктар раённай гімназіі Ларыса Маладзечкіна.
Пасля правядзення сустрэчы работнікі лясгасу атрымалі адказы на хвалюючыя іх асабістыя пытанні.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №57 ад 22.07.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *