Происшествия. Криминал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал
Пра здарэнні, якія адбыліся за апошнія два тыдні на тэрыторыі нашага раёна, паведаміў першы намеснік начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў Ігар Шаціла.
Веласіпед знойдзены
У чэрвені ў РАУС звярнулася жыхарка райцэнтра з заявай аб тым, што са шматкватэрнага дома нехта ўкраў яе веласіпед “Стэлс-навігатар”. 9 ліпеня кража была раскрыта: транспартны сродак “выкаціў” з  пад’езда і прыбраў да рук жыхар Шуміліна, 1997 года нараджэння. Веласіпед канфіскаваны і вернуты гаспадыні. Супраць маладога мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Ухіліст
У ліпені ўзбуджана крымінальная справа супраць 21-гадовага жыхара Шуміліна, раней несудзімага, які ўхіляўся ад мерапрыемстваў па прызыве на ваенную службу. Хлопец быў папярэджаны, атрымліваў неаднойчы павесткі, але ж у ваенкамат не з’яўляўся. Маўляў, быў на заробках у Маскве. Але гэта не пазбаўляе яго ад адказнасці. За ўхіленне ад службы ў арміі жыхару райцэнтра пагражае пазбаўленне волі тэрмінам да 2-х год.
Крадзеж
У РАУС звярнуўся жыхар г. Віцебска, у якога з дачы, што знаходзіцца ў адной з вёсак Мішневіцкага сельсавета, укралі тэлевізійную прыстаўку, электрачайнік, іншыя рэчы. Агульны ўрон ацэнены на 40 рублёў (400 тысяч недэнамінаваных рублёў). Узбуджана крымінальная справа. Злачынца вышукваецца.
Вывалілася з балкона
У дзяжурную часць РАУС паступіла паведамленне з ЦРБ пра тое, што ў прыёмны пакой дастаўлена жыхарка вёскі Добрына – у стане алкагольнага ап’янення і са шматлікімі траўмамі і пераломамі. Дадзеныя цялесныя пашкоджанні жанчына атрымала ў выніку падзення з балкона 3-га паверха. Падрабязнасці высвятляюцца.
Мак
Нядаўна ў адной з вёсак Мішневіцкага сельсавета супрацоўнікі РАУС выявілі факт вырошчвання на асабістым падсобным участку дачніцы з Віцебска 45 кусцікаў маку. У адносінах жанчыны складзены адміністрацыйны пратакол. Згодна з заканадаўствам за сяўбу, вырошчванне раслін, якія ўтрымліваюць наркатычныя рэчывы, без мэт збыту пагражае штраф да 20 базавых велічынь. Роўна столькі павінна будзе выкласці з кашальку і дачніца. Адгаворкі ў дадзенай сітуацыі не прымаюцца.

Са зводак ДАІ
Хуткасць

17 ліпеня на 50-м кіламетры на аўтадарозе Віцебск-Полацк (перад Мікіціхай) быў спынены вадзіцель матацыкла, жыхар Шуміліна, які ехаў з хуткасцю 160 км у гадзіну.  У ходзе праверкі высветлілася, што вадзіцель матацыкла не меў пры сабе страхоўкі і дакумента, які пацвярджае праходжанне тэхагляду. За дапушчанае перавышэнне хуткасці парушальніку пагражае штраф ці пазбаўленне правоў да 1 года, за іншыя парушэнні – штраф.
Праігнараваў
Жыхар вёскі Дабея 9 ліпеня ў дзве гадзіны ночы на аўтадарозе Віцебск-Лёзна, кіруючы аўтамабілем “Фальксваген”, не выканаў патрабаванне супрацоўніка ДАІ аб спыненні. Ва-дзіцель усё ж такі быў спынены, пасля чаго на яго былі складзены два адміністрацыйныя пратаколы. За няпройдзены тэхагляд (а менавіта па гэтай прычыне кіроўца хацеў “праскочыць” міма паста ДАІ) мужчыну “свеціць” штраф да 5 базавых велічынь, за неспыненне – ад 2 да 10 БВ.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №58 ад 26.07.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *