На заседании Шумилинского райисполкома были подведены итоги работы за 6 месяцев текущего года

Актуалии Президент

Прагнозныя паказчыкі  і ўчастковыя камісіі


Пасяджэнне райвыканкама, якое прайшло ў аўторак 26 ліпеня, пачалося на пазітыўным настроі. За актыўную дапамогу ў арганізацыі прадстаўлення раёна і плённы ўдзел у XXV Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар ў Віцебску” старшыня райвыканкама Аляксандр Снараў уручыў падзякі УП ЖКГ (дырэктар Штуро І. К.), Шумілінскай ПМК-70 (дырэктар Крыўко А. Ю.), ДРБУ №204 (дырэктар Насцюшкін Р. М.), аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама (начальнік Мянькова В. В.), райспажыўтаварыству (старшыня праўлення Лейзяровіч У. Л.), аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама (в. а. начальніка Навіцкая В. Г.).
Першым пытаннем парадку дня пасяджэння былі разгледжаны вынікі выканання паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна і выканання бюджэту раёна ў першым паўгоддзі бягучага года. Намеснік старшыні райвыканкама па эканоміцы Віктар Доктараў прадставіў аналіз эканамічнай сітуацыі ў раёне. Дакладчык адзначыў, што прагнозныя паказчыкі выкананы па энергазберажэнні, экспарце тавараў і па запасах гатовай прадукцыі да сярэднямесячных аб’ёмаў.
За шэсць месяцаў тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў 104,1% да ўзроўню мінулага года. Вытворчасць мяса склала 108,1%, пры гэтым рост забяспечаны за кошт вытворчасці мяса птушкі і свініны. Вытворчасць малака склала 93,1%. Дапушчаны рост невытворчага выбыцця жывёлы, на 1804 галавы скарацілася пагалоўе буйной рагатай жывёлы. За кошт нізкай якасці малака, яго таварнасці, рэалізацыі БРЖ гаспадаркі раёна недаатрымалі больш за 9,5 млрд рублёў.
Рост прамысловай прадукцыі склаў 110,3%: УП ЖКГ – 107,7%, Обальскі керамічны завод – 121,1%. Вырас экспарт тавараў на 46,8% да мінулагодніх паказчыкаў. Прадукцыю на экспарт рэалізоўвалі ОКЗ, “Славянскі прадукт”, “Вежа”, “ІскПоіск”, “Альянспластрэсурс”, “МВ-17”. Сёлета асвоены новыя рынкі збыту ў Кітаі, Польшчы, Нідэрландах, Швейцарыі. Скараціўся да 93,7% рознічны тавараабарот.
Віктар Віктаравіч адзначыў нерэнтабельную работу большасці прадпрыемстваў (па раёне мінус 4,1%), рост колькасці стратных прадпрыемстваў – 11 (у 2015 годзе было 4). Негатыўны ўплыў аказвае вялікая дэбіторская і крэдыторская запазычанасці.
Старшыня райвыканкама патрабаваў вызначыць канкрэтныя меры па выпраўленні негатыўных з’яў, павелічэнні прадукцыйнасці працы і эфектыўнасці выкарыстання працоўных рэсурсаў, паляпшэнні якасных паказчыкаў прадукцыі. Старшыня камітэта эканомікі аблвыканкама Святаслаў Зароўскі, які ўдзельнічаў у пасяджэнні, заўважыў, што трэба сур’ёзна запытаць з кіраўнікоў, якія дапусцілі невыкананне прагнозных паказчыкаў.
Судаклад аб выкананні раённага бюджэту за першае паўгоддзе прадставіла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Алена Сідарэнка. Выкананне бюджэту ідзе ў няпростых эканамічных умовах. Зніжэнне эфектыўнасці гаспадарання рэальнага сектара эканомікі цягне за сабой зніжэнне падатковых паступленняў.  Асноўная частка паступленняў бюджэту забяспечана за кошт падаходнага падатку на фізічных асоб (46%), падатку на дабаўленую вартасць (15,6%), падаткаў на ўласнасць (13,3%) і іншых крыніц даходаў.
За кошт уласных даходаў прафінансавана 37,6% расходаў, за кошт датацыі – 58%. У структуры расходаў  76,4% склалі расходы на сацыяльную сферу. На галіны эканомікі і жыллёва-камунальную гаспадарку выдаткавана 15,6% усіх расходаў.
Таксама было разгледжана пытанне пра фарміраванне ўчастковых камісій.  Як адзначыў начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама В. А. Емяльянаў, наш раён разам з Гарадоцкім, Віцебскім і г.п. Руба ўваходзіць у Гарадоцкую выбарчую акругу №21. У 32 участковыя камісіі, якія будуць працаваць у раёне, вылучаны 242 прадстаўнікі ад працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў і ад грамадзян шляхам збору подпісаў. 140 прадстаўнікоў вылучылі грамадскія аб’яднанні, 52 чалавекі – грамадзяне, 50 – працоўныя калектывы. Па прапанове дакладчыка быў зацверджаны колькасны і персанальны склад камісій участкаў для галасавання па выбарах дэпутата Палаты прадстаўнікоў  Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання, а таксама былі вызначаны месцы для правядзення агітацыі за кандыдатаў у дэпутаты.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №59 ад 28.07.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *