Вылучаны кандыдат у члены Савета Рэспублікі

Актуалии

Вылучаны кандыдат у члены Савета Рэспублікі

У мінулую пятніцу, 29 ліпеня, прайшло сумеснае пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта. На парадак дня было вынесена пытанне аб вылучэнні кандыдата ў члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.
Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі – палата тэрытарыяльнага прадстаўніцтва. 8 членаў Савета Рэспублікі прызначае Прэзідэнт Беларусі, 56 – выбіраюцца тайным галасаваннем на сходах дэпутатаў базавага ўзроўню (раённых і гарадскіх Саветаў дэпутатаў) па 8 членаў Савета ад кожнай вобласці і ад горада Мінска. У адпаведнасці з артыкулам 100 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь правам вылучэння кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі валодаюць прэзідыумы і выканкамы базавага ўзроўню.
Намеснік старшыні райвыканкама, член прэзідыума раённага Савета дэпутатаў Алег Быкаў прапанаваў вылучыць кандыдатам у члены Савета Рэспублікі Шаўчука Мікалая Мікалаевіча, старшыню Полацкага райвыканкама. Мікалай Мікалаевіч нарадзіўся ў 1959 годзе ў г. Драгічын Брэсцкай вобласці. Пасля заканчэння Беларускай сельгасакадэміі па спецыяльнасці механізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці прайшоў шлях ад загадчыка майстэрні гаспадаркі да першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Полацкага райвыканкама. З 2007 года працуе старшынёй гэтага выканкама.
Кандыдатуру Мікалая Шаўчука падтрымалі старшыня Шумілінскага райвыканкама Аляксандр Снараў і старшыня раённага Савета дэпутатаў  Ірына Новікава. Выступоўцы падкрэслівалі высокі прафесійны ўзровень і кампетэнтнасць, сучасны стыль кіравання кандыдата. “Работу кіраўніка суседняга раёна добра ведаюць і высока ацэньваюць жыхары нашага раёна, якія часта бываюць у Полацку. Мікалай Мікалаевіч добра ведае праблемы рэгіёна і аграпрамысловага комплексу, ён будзе адстойваць інтарэсы вяскоўцаў, падтрымліваць развіццё вёскі”, – заўважыла Ірына Мікалаеўна.
Мікалай Шаўчук, які браў удзел у пасяджэнні, падзякаваў за высокі давер і падтрымку яго кандыдатуры. “Цяпер і Ушацкі, Расонскі, Шумілінскі раёны, якія разам з Полацкім вылучылі мяне кандыдатам ў члены Савета Рэспублікі, будуць для мяне зонай клопату і адказнасці, – сказаў Мікалай Мікалаевіч. – Будзем працаваць разам, будзем сумесна вырашаць нашы праблемы”.
Члены прэзідыума раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта аднагалосна падтрымалі вылучэнне Мікалая Шаўчука кандыдатам у члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі.
Да 13 верасня павінна прайсці пасяджэнне дэпутатаў базавага ўзроўню Віцебшчыны, на якім будуць абраны члены Савета Рэспублікі шостага склікання ад нашай вобласці.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №60 ад 02.08.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *