В сезон заготовок многие жители Шумилинского района «находят деньги» в лесу

Актуалии Экономика

Радуе лес ураджаем
Сёлетняе лета багата на лясныя дары. Работнікі райспажыўтаварыства  закупілі больш за дзве тоны чарніц, па паўтоне дурніц і лісічак. Ягады і грыбы прымаюць розныя гандлёвыя кропкі, прыёма-нарыхтоўчыя пункты, пазаштатныя нарыхтоўшчыкі.
Як расказаў вядучы спецыяліст па нарыхтоўках райспажыўтаварыства Юрый Глаўдзель, у гэтым годзе насельніцтва актыўна здае чарніцы. Нарыхтоўшчык з Шуміліна Надзея Шаферава толькі і паспявае прымаць ягады. Як падлічыла Надзея Аляксееўна, ёй здалі ўжо больш за 800 кілаграмаў чарніц. Ёсць пастаянныя здатчыкі: Вера Ефімовіч, Міхаіл Маліноўскі. А вось Сяргей Зайцаў ходзіць у чарніцы ўсёй сям’ёй. У самыя ўраджайныя дні прыносіў здаваць па 50-70 кілаграмаў ягад.
Работнікі райспажыўтаварыства прадаюць чарніцы на шумілінскім рынку. Карыстаюцца лясныя ягады попытам  і ў час выязнога гандлю ў Віцебску і Полацку. Акрамя гэтага, чарніцы запатрабаваныя і за мяжой. Па спецыяльнай тэхналогіі іх замарожваюць, потым фасуюць у папяровыя мяшкі па 25 кілаграмаў і адпраўляюць на экспарт, у асноўным у Польшчу і Літву.
“У гэтым годзе нам даведзена немалое заданне на дзікарастучую прадукцыю – 15 тон, – расказаў Юрый Глаўдзель. – Думаем, што справімся. Тым больш, што ў гэты план залічваюцца чорныя і чырвоныя парэчкі, якіх жыхары раёна нам здалі  дзве тоны. Наперадзе – брусніцы і журавіны. Кожны год актыўна здаюць яблыкі-дзічкі”.
Лясныя дары прымаюць не толькі магазіны і нарыхтоўчыя пункты райспажыўтаварыства, але і індывідуальныя прадпрымальнікі. Напрыклад, працуе такі прыёмны пункт у Кардоне. І тыдзень таму, калі мы пабывалі ў аграгарадку, людзі адзін за адным прыносілі сюды ягады і грыбы. Цана на чарніцы была 2 рублі 20 капеек (у райспажыўтаварыстве 2 рублі 30 капеек), а вось на лісічкі значна адрознівалася: іх прымалі па 2 рублі 70 капеек, а райспажыўтаварыства па 4 рублі.
Прыёмшчык Міраслаў Маліноўскі (ён студэнт Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага электратэхнічнага ўніверсітэта і ўладкаваўся на лета падзарабіць) расказаў, што кожны дзень прыносяць здаваць больш за 200 кілаграмаў чарніц. Іх яшчэ ў лесе многа, і нарыхтоўчы сезон на гэтыя ягады прадоўжыцца да 20 жніўня. Ну, а потым “пойдуць” брусніцы.
Для многіх вяскоўцаў лета – час, калі можна грошы “знайсці” ў лесе.  Актыўнымі здатчыкамі з’яўляюцца Любоў Давыдзенка і Вольга Міляк з Мікалаева, Андрэй Чабатароў з Лявонава, Ганна Шавяка і Ганна Цяцерка з Кардона. Ходзяць у чарніцы не толькі дарослыя, але і дзеці. Напрыклад, Вераніка Шніпава з Добрына, якая часта гасціць у сваякоў у Кардоне, здала чарніц больш як на дзвесце рублёў. Плануе купіць да школы модную сукенку, спадніцу і туфлі.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №62 ад 09.08.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *