В Шумилинском районе идёт приёмка школ к 1 сентября

Актуалии Образование

Хутка зазвініць званок…
З 10 па 17 жніўня ў раёне праходзіць праверка 30 устаноў адукацыі да новага навучальнага года. Камісія на чале з намеснікам старшыні райвыканкама І. І. Шалахавай пабывае ў кожнай школе і дзіцячым садку. Правяраюцца вучэбныя класы, спартыўныя залы, харчаблокі, водазабеспячэнне, санвузлы, асвятленне, спраўнасць электрычнага абсталявання, добраўпарадкаванне тэрыторыі, прышкольныя ўчасткі.
Льнозаводскі дзіцячы сад
Льнозаводскі дзіцячы сад-пачатковая школа з новага навучальнага года пераўтворана ў дзіцячы сад. Для шасці дзетак у садку прасторна, пафарбаваны падлога і сцены, аформлены гульнявыя пакоі. Парадак і на прылягаючай тэрыторыі: радуюць вока яркія архітэктурныя формы, адрамантавана агароджа, пабелены фундамент. Камісія адзначыла, што кожны год прысядзібны ўчастак тут мае добры эстэтычны выгляд.
Камісія ўказала на заўвагі, якія рэальна выправіць да пачатку новага навучальнага года: зрабіць асвятленне ля цеплапункта і замяніць лавачкі на спартыўнай пляцоўцы – сюды прыходзіць гуляць мясцовая дзетвара.
Дабейскі дзіцячы сад
Кожны год абнаўляецца тэрыторыя Дабейскага дзіцячага сада. І сёлета тут з’явіліся новыя клумбы. У гульнявым пакоі для дзяцей ёсць усё неабходнае. Прычым многае зроблена  рукамі выхавальнікаў. У дзіцячым садку (тут выхоўваецца ўсяго 10 дзетак) цесна працуюць з бацькамі, а таксама са спонсарамі – УП ЖКГ, мясцовым сельвыканкамам, ААТ “Прыазёрны мір”. Гаспадарка абяцала ў гэтым годзе купіць для садка пральную машыну.
Камісія рэкамендавала  загадчыцы сада купіць воданагравальнік.

Навікоўская базавая школа
У Навікоўскай школе карыстаюцца прынцыпам: лепш зарабіць свае ўласныя грошы. І гэта магчыма для базавай школы, дзе вучыцца ўсяго 37 дзетак. Летась, напрыклад, школа паклала на свой спецрахунак 36 мільёнаў рублёў. У асноўным гэта грошы, выручаныя ад продажу гародніны з пры-школьнага ўчастка. За іх сёлета пафарбавалі класы. Як адзначыў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. М. Саковіч, у Навікоўскай школы самая вялікая тэрыторыя. І прыемна, што яна выглядае годна.
Разам з тым камісія выявіла і недахопы: відаць, за гаспадарчай дзейнасцю настаўнікі забыліся аднавіць стэнды, мінусуюць кабінеты па метадычным напаўненні.. Электрыкі рэкамендавалі павешаць плафоны ў свяцільнікі ў майстэрні.
Крывасельскі дзіцячы сад
У Крывым Сяле калісьці была і сярэдняя школа, і базавая, і пачатковая. Тэрыторыю, якая дасталася ў спадчыну ад папярэдніх навучальных устаноў, даглядаюць работнікі дзіцячага сада: абкошваюць, фарбуюць, рамантуюць. У гэтым годзе на прылягаючай тэрыторыі сада расце амаль тысяча штук розных кветак. З’явіліся новыя архітэктурныя формы, альтанка.
На калідорах сада, у гульнявых пакоях чыста і ўтульна. Дашкольная ўстанова гатова прыняць сваіх 11 выхаванцаў.
Амбросавіцкая дзіцячы сад-сярэдняя школа
Бачна, што ў Амбросавіцкай школе, дзе на 1 верасня будзе налічвацца 48 вучняў, старанна рыхтаваліся да новага навучальнага года: зроблены касметычны рамонт вучэбных кабінетаў, адрамантавана падлога ў спартыўнай зале, абноўлены клумбы, тэрыторыю ўпрыгожваюць зробленыя з дрэва святлафор і грыбы. У кіраўніцтва школы яшчэ шмат планаў: часткова адрамантаваць дах, зрабіць ліўневыя адводы, за зіму нарыхтаваць будаўнічых матэрыялаў, каб вясной прыступіць да абнаўлення агароджы вакол дзіцячага сада.
Камісія рэкамендавала вывучыць магчымасць стварэння агульнага харчаблока для школы і садка, які будзе адпавядаць усім неабходным санітарным нормам. Былі пытанні і па афармленні некаторых кабінетаў.
Слабадская дзіцячы сад-сярэдняя школа
Пафарбаваным спартыўным гарадком, адрамантаванымі класамі і сталовай, мноствам кветак сустрэла камісію Слабадская дзіцячы сад-сярэдняя школа. Тут у гэтым навучальным годзе будуць вучыцца 60 школьнікаў і выхоўвацца 20 дзетак. Дырэкцыя навучальнай установы паведаміла пра выпраўленне тых недахопаў, якія былі ўказаны раней:  на харчаблок правялі гарачую ваду, пашылі шторы для кабінетаў (вучні школы працавалі ў мінулым навучальным годзе па другаснай занятасці).
Прыемна ўразіла тэрыторыя вакол будынка школы: жывая агароджа, падстрыжаны газон, арыгінальныя кветнікі –  прадумана кожная дэталь, няма нічога лішняга. Камісія адзначыла, што тут “тэрыторыя еўрапейскага ўзроўню”.
Выяўленыя дробныя недахопы будуць ліквідаваны ў бліжэйшыя дні.
Мішневічы: школа і дзіцячы сад
Акуратная дарожка, абсаджаная сальвіямі, запрашае ў Мішневіцкую сярэднюю школу. Вакол будынка тут шмат кветак. Школа мае вялікі агарод, толькі бульбы з зерневымі кожны год вырошчваюць амаль па паўгектара. А яшчэ морква, капуста, цыбуля, агуркі… Адным словам, агарод па сваіх памерах і разнастайнасці не саступае агароду Навікоўскай школы, адзначыла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. В. Мянькова.
Класы ў Мішневіцкай школе пафарбаваны і гатовы прыняць 67 школьнікаў, якія будуць тут сёлета вучыцца. У спартзале зроблены добры рамонт. На калідорах і ў класах “апранулі” ацяпляльныя радыятары: на іх настаўнікі працоўнага навучання разам з дзецьмі зрабілі фігурныя драўляныя рашоткі.
Мішневіцкі дзіцячы сад (тут будуць выхоўвацца 12 дзетак) таксама падрыхтаваўся да новага навучальнага года. Новы выгляд тут набыла летняя веранда, зроблена шмат архі-тэктурных форм. Але хацелася б убачыць на тэрыторыі і больш цікавых клумбаў.
Сіроцінская дзіцячы сад-пачатковая школа
У параўнанні з мінулымі гадамі ў Сіроцінскай дзіцячы сад-пачатковай школе ёсць зрухі да лепшага – гэта адзначылі члены камісіі. У прыватнасці, тэрыторыя пабагацела на новыя клумбы, добра выглядае сялянскі падворак , што размясціўся насупраць уваходнага ганка. Прысядзібны ўчастак таксама выглядае дагледжана. Шкада толькі, што вучняў і выхаванцаў у гэтай навучальнай установе ўсяго 17
Добрынская дзіцячы сад-пачатковая школа
“Як заўсёды, на вышыні. Гэта ўзор для многіх сельскіх школ”, – такую высокую ацэнку дала камі-сія Добрынскай дзіцячаму саду-пачатковай школе, дзе ў гэтым годзе будзе вучыцца і выхоўвацца 22 дзіцяці. Не было такога году, калі б гэтая невялічкая навучальная ўстанова не здзівіла б чымсьці новым і арыгінальным. Тут усё прадумана: ад афармлення тэрыторыі і рамонту класаў да парадку на прысядзібным участку.
Мікіціха: сярэдняя школа і дзіцячы сад
Мікіціхінская сярэдняя школа адпавядае статусу аграгарадка. Напэўна, гэта адзіная сельская школа, дзе ў гэтым годзе прыбавілася колькасць вучняў: іх сёлета 136 (на 19 больш, чым летась). Навучальная ўстанова будзе сустракаць сваіх выхаванцаў адрамантаванымі кабінетамі і спартзалай, рамонтам пешаходных дарожак і адмосткай, багаццем кветак на клумбах.
Школа ўзяла накірунак на сучасны рамонт кабінетаў. Ён робіцца паступова і ўпэўнена. Пакуль такі  рамонт зроблены ў трох класах. З густам падабраныя колеры для сцен, сучасныя шторы – кожны штрых прадуманы. Радуе, што ў школы ёсць перспектывы: у яе будзе статус сярэдняй навучальнай установы яшчэ многа гадоў, адзначылі члены камісіі.
Па сваім афармленні кабінетаў, добраўпарадкаванні тэрыторыі Мікіціхінскі дзіцячы сад ніколькі не саступае школе. Сад патанае ў кветках. Тут ёсць каго выхоўваць: навучальную ўстанову наведвае 50 дзяцей. Загадчыца Ж. І. Васільчанка – чалавек творчы, яе ідэі падхоплівае ўвесь калектыў.  Камісія адзначыла, што дзіцячы сад у Мікіцісе – адзін з лепшых у раёне. Вось толькі на перспектыву тут трэба зрабіць летнія веранды.
Кардонская сярэдняя школа
Камісія адзначыла, што Кардонская школа “вырасла” па добраўпарадкаванні тэрыторыі: тут добрыя кветнікі, у бярозавай алеі пабудавалі прыгожыя лавачкі. Ну, а стадыён з яго прыгожай акантоўкай і каляровымі сцяжкамі – адзін з лепшых у раёне. Стараліся настаўнікі і тэхперсанал па навядзенні парадку ў школе: рамантавалі, фарбавалі, чысцілі. У многіх класах і калідорах аформлены ў адным стылі стэнды – выглядае прыгожа. У гэтым годзе ў Кардонскай школе будуць вучыцца 93 школьнікі. Для ўсіх іх створаны добрыя ўмовы. Камісія рэкамендавала перанесці спартыўныя трэнажоры ў калідор, каб вызваліць большы кабінет для дэфектолага.
Мікалаеўскі дзіцячы сад
Тэрыторыя Мікалаеўскага дзіцячага садка заўсёды на віду – яна знаходзіцца побач з праезнай часткай і сельвыканкамам. І навучальная ўстанова стараецца адпавядаць: тэрыторыя тут заўсёды дагледжаная. У гэтым годзе адрамантавалі ганак, пафарбавалі падлогу і дзверы. Вельмі дапамаглі спонсары – прыватнае прадпрыемства “Кубаметр”, а таксама бацькі тых 13 дзетак, якія выхоўваюцца тут. Яны падарылі шторы і дыван на падлогу.
У кацельні Мікалаеўскага сада зараз ідзе рамонт. Камісія ўказала на тое, што трэба адрамантаваць і падлогу ў пральні.
Мішкаўская дзіцячы сад-пачатковая школа
Мішкаўская дзіцячы сад-базавая школа з 1 верасня гэтага года пераўтворыцца ў дзіцячы сад-пачатковую школу. Плануецца, што ў гэту навучальную ўстанову 1 верасня прыйдуць 18 дзетак. Да тэрыторыі школы ў камісіі  практычна не было заўваг: чыста, абкошана, абноўлена і пафарбавана летняя веранда для дзяцей. А вось кабінеты пафарбаваны толькі часткова. Камісія была абурана старымі шпалерамі. І. І. Шалахава ўказала на тое, што дзіцячы сад-пачатковая школа павінна адпавядаць свайму ўзроўню, а кабінеты – мець эстэтычны выгляд. Школе дадзены тэрмін на тое, каб выправіць заўвагі. Камісія вернецца сюды паўторна.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №64 ад 16.08.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *