Шумилинские газовики встречают профессиональный праздник новыми достижениями и планами

Общество Экономика

“Газавік – гэта чалавек, які пастаянна ўдасканальваецца”
Гэта паспяховае прадпрыемства, дзе на дасягненне агульнай мэты працуе малады згуртаваны калектыў прафесіяналаў. Яны перфекцыяністы ў прафесіі, яны кожны паасобку і ўсе разам робяць усё магчымае для працвітання свайго прадпрыемства. Здаровыя амбіцыі, жаданне расці і ўдасканальвацца вызначаюць шумілінскага газавіка. Гэта ў інтэрв’ю нашай газеце напярэдадні прафесійнага свята заўважыў начальнік Шумілінскага раёна газазабеспячэння Сяргей Дзмітрыенка.
– Год таму прадпрыемства перажыло рэарганізацыю. Наколькі балючым аказаўся гэты працэс, што змянілася ў рабоце?
– УП “Віцебскаблгаз” – гэта зладжаны, адзіны і недзялімы калектыў аднадумцаў. Рэарганізацыя, па сутнасці, нічога і не змяніла. У гэтым сэнсе варта адзначыць спецыфіку нашага раёна, бо апроч газавай галіны ў нашу структуру ўваходзяць дзіцячы аздараўленчы цэнтр “Дружба”, ТВК “Метан”, Обальскі ўчастак па здабычы і перапрацоўцы торфу, а яшчэ пад бокам – сельгаспрадпрыемства ў Мазалаве. І сэнс у тым, што ўсе дапамагаюць усім. Задачы стаяць у цэлым перад “Віцебскаблгазам”, і на агульны вынік працуюць усе без выключэння. Так было і раней. Ва ўсялякім разе, тыя нязначныя змены, якія мы перажылі, прайшлі бязбольна, як для людзей, так і ў цэлым для прадпрыемства. І ў будучае мы глядзім з аптымізмам.
– Сёння можна гаварыць пра паспяховасць вашага прадпрыемства?
– Так. Стабільнасць работы УП “Віцебскаблгаз” сведчыць пра ста-більную работу ўсіх яго падраздзяленняў. Забяспечаны ўсе сацыяльныя гарантыі, работнікі атрымліваюць своечасова і годную зарплату. Наогул я лічу, што трэба даць людзям магчымасць зарабіць, але і спытаць у іх за работу.
– Якая асноўная задача зараз стаіць перад Шумілінскім РГЗ?
– У планах Шумілінскага раёна газазабеспячэння на 2016 год – будаўніцтва сямі кіламетраў размеркавальных газаправодаў і газаправодаў-уводаў. Павелічэнне газаразмеркавальнай сістэмы дазволіць перавесці са звадкаванага газа на прыродны каля 60 жылых дамоў. Варта заўважыць, што летась аб’ёмы работ былі істотна меншымі. Мы па-ранейшаму будзем забяспечваць бесперабойнае і безаварыйнае газазабеспячэнне спажыўцоў як прыродным, так і звадкаваным газам, рацыянальна яго выкарыстоўваць.
– Апішыце, калі ласка, вобраз тыповага газавіка.
– Гэта высакакласны спецыяліст, які адказна ставіцца да работы, якую выконвае. Усё не проста павінна быць зроблена, а зроблена якасна. Газавік – чалавек, які пастаянна ўдасканальваецца, знаходзіцца ў пошуку нечага новага, гатовы расці, заўжды жадае нечага большага. Ён гарманічны і ўсебакова развіты. І тут гаворка ідзе не толькі пра якасці прафесійныя. Зга-дзіцеся, у любога чалавека павінна быць хобі, інтарэс да спорту, актыўнага адпачынку, творчасці. А ўдасканаленне сябе як асобы заўжды адгукаецца і прафесійнымі дасягненнямі.
– Так, сапраўды. Пра тое, што газавікі – людзі творчыя, ведаюць усе.
– Праяўляцца творча заўжды ёсць нагода. Гэта, вядома, мастацкая самадзейнасць. Вось, да прыкладу, наш работнік і спявачка Ірына Салаўёва выйшла ў фінал занальнага агляду-конкурсу, цяпер абараняе гонар віцебскіх газавікоў. Заўжды годна выступае з песнямі Аляксей Цімафееў. Ганаруся нашымі хлопцамі, якія на галіновай спартакіядзе занялі трэцяе месца ў перацягванні канату. Творчасць – яна і ў афармленні ландшафту, добраўпарадкаванні нашых тэрыторый. Над гэтым таксама працуюць усе: вырошчванне расады кветак, догляд кветнікаў і газонаў, стварэнне новых кампазіцый. Нашы старанні і сёлета былі адзначаны.  І тут пастаянна хочацца ўдасканальвацца, прыдумваць нешта новае, цікавае і прыгожае.
– Шчыра віншуем вас і ўвесь ваш калектыў з прафесійным святам.
– Дзякуй. Я хачу выказаць словы ўдзячнасці ўсім сённяшнім работнікам за адданасць прафесіі, за сумленную старанную працу, а таксама ветэранам газавай службы, якія закладвалі падмурак нашага прадпрыемства.
Гутарыла Наталля ЧАРНІЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *