Воскресная школа при храме Афанасия Брестского в Шумилино ждёт своих учеников

Духоўнае

Кожны  тут  знойдзе занятак  па  душы
На працягу 16 гадоў пры храме Афанасія Брэсцкага існуе нядзельная школа. У мінулым навучальным годзе яе наведвалі 17 дзетак рознага ўзросту. Самых маленькіх, шасцігодак, у школу пры храме прыводзяць бацькі.
“Заняткі ў нашай школе праводзяцца кожную нядзелю з 12.00 да 15.00, – кажа дырэктар нядзельнай школы Вольга Загвоздава. –  Спачатку наша настаўніца Святлана Быкава выкладае Закон Божы. Заняткі праходзяць цікава, яны грунтуюцца на маральна-духоўных каштоўнасцях. Ну, а потым дзеці займаюцца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю: малююць, вышываюць,  робяць  аплікацыі, вырабы з паперы, саломы, нітак. Адным словам, развіваюць свае творчыя здольнасці. Як правіла, на Вялікдзень і Нараджэння Хрыстова дзеці нядзельнай школы рыхтуюць свята для прыхаджан: спяваюць, расказваюць вершы, паказваюць розныя інсцэніроўкі. Мы заўсёды прымаем удзел у дабрачыннай навагодняй акцыі  і рыхтуем падарункі для дзяцей з прытулка, а таксама з канцэртам наведваем тых, хто жыве ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання для пажылых грамадзян і інвалідаў ТЦСАН.
У нядзельнай школе жыве давер і ўзаемавыручка. Школу наведваюць дзеці і з нядобранадзейных сем’яў. Адны прыходзяць з сябрамі і застаюцца тут на некалькі гадоў. Іншыя прыходзяць самі і, знайшоўшы тут дабрыню, клопат, павагу да сябе, таксама становяцца пастаяннымі вучнямі нядзельнай школы. Больш таго, некаторыя падлеткі дапамагаюць у прыходзе. А ўжо стаўшы дарослымі, прыходзяць у храм са сваімі дзецьмі.
Многім дзецям падабаецца нядзельная школа яшчэ і тым, што тут на працягу года арганізуецца шмат экскурсій і паездак. Напрыклад, у мінулым годзе пабывалі ў Санкт-Пецярбурзе, Белавежскай пушчы, многіх храмах Полацка і Віцебска, а таксама ў памятных мясцінах Шуміліншчыны. Як правіла, у такія паездкі запрашаюць і бацькоў – гэта яшчэ больш аб’ядноўвае сем’і.
4 верасня ў нядзельнай школе пачаліся заняткі. “Праўда, у гэты дзень яны былі не зусім звычайнымі. Па традыцыі мы наведалі святую Пяценку, – кажа Вольга Вітальеўна. –  Такі паход, з кастром, юшкай, чаем, вельмі спадабаўся нашым дзецям”.
Як правіла, на працягу вучэбнага года ў нядзельную школу прыходзяць усё новыя і новыя вучні. “Калі не атрымалася прыйсці ў пачатку верасня,  гэта можна зрабіць у любую нядзелю любога месяца з 12.00 да 15.00 – мы будзем рады. Прычым, прымаем не толькі дзяцей нашых прыхаджан. Мы ўпэўнены, што любое дзіця знойдзе ў нядзельнай школе занятак па душы. Ну, а хрысціянскія законы і слова божае ніколі не навучыць дрэннаму. Лепш заняць дзяцей чымсьці карысным у нядзелю, а не адпускаць без мэты блукаць па вуліцах – напэўна, з такой маёй думкай пагодзяцца многія бацькі,” – выклала меркаванне В. В. Загвоздава.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №70 ад 06.09.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *