26 апреля – День чернобыльской трагедии

Актуалии

Аб пераадоленні наступстваў
Чарнобыль… Гэтае раней мала каму знаёмае мястэчка на Кіеўскім вадасховішчы, на мяжы з беларускай Гомельшчынай, у адзін дзень праславілася. Трагічна: у горадзе пацярпела аварыю АЭС.
Мінула з тае пары 25 гадоў. З нагоды гэтага сумнага юбілею і праводзіўся па ўсёй краіне адзіны дзень інфармавання. Група на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікавай наведала майстэрні УП ЖКГ. Спачатку па азначанай тэме быў зроблены сціслы даклад. У ім адзначалася, што катастрофа накрыла, вобразна кажучы, чорным крылом  Беларусь, Украіну і Расію. Але беларускія землі, народ беларускі пацярпелі значна больш. Радыёактыўным забруджаннем ахоплена 48,8 тысячы кв. км (23,5%) тэрыторыі Беларусі. Шкода, нанесеная рэспубліцы чарнобыльскай бядой з разліку на 30-гадовы перыяд яе пераадолення, ацэньваецца ў 235 мільярдаў долараў ЗША, а гэта 32 бюджэты краіны “ўзору” 1985 года.
Наступствы катастрофы аказаліся маштабнымі, патрэбны былі кардынальныя меры, каб не паралізаваць жыццё  амаль чвэрці краіны. Выйшлі і запрацавалі новыя законы, былі распрацаваны і эфектыўна дзейнічалі 4 дзяржаўныя праграмы, на рэалізацыю якіх пайшло 19,4 мілрд. долараў ЗША. Не пакінула дзяржава сам-насам з бядой і людзей. Яны праходзяць аздараўленне ў санаторыях, дзеці ў школах бясплатна харчуюцца, людзі цалкам забяспечаны медыцынскімі аглядамі. Кіраўніцтва Беларусі не шкадуе грошай на закупку медыцынскага абсталявання, адкрыты карпусы анкадыспансераў у Гомелі, Магілёве, будуюцца па праграме “Дзеці Чарнобыля” лячэбна-аздараўленчыя комплексы, спартыўныя залы і дамы сямейнага тыпу.
Плошча забруджаных цэзіем-137 сельгасзямель за перыяд з 2000 па 2010 гады скарацілася на 21%, у Гомельскай і Магілёўскай абласцях закончана пераспецыялізацыя 57 праблемных гаспадарак. Вытворчасць пераважна пераведзена з малочнай на мясную.
Дапамагаюць пераадолець наступствы аварыі на ЧАЭС Расія, шэраг краін Заходняй Еўропы, многія дзяржавы запрасілі беларускіх дзяцей з пацярпелых раёнаў на аздараўленне і адпачынак.
Прынята і рэалізуецца  Дзяржаўная праграма па ЧАЭС на 2011-2015 гг. і на перыяд да 2020 года. З 2011 года па сутнасці краіна пераходзіць да новага этапу ў рашэнні чарнобыльскіх праблем. Агульны аб’ём фінансавання праграмы на бягучы год — 6.830.178 млн. рублёў.
Напрыканцы сустрэчы члены інфармацыйнай групы расказалі аб надзённых задачах і накірунках работы ў падначаленых калектывах. Намеснік начальніка РАНС В. Б. Чайкін папярэдзіў ад недапушчэнні вясенніх палаў сухой травы, нагадаў аб тых наступствах, да якіх прыводзяць падобныя свавольствы.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №31 ад 26.04.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *