Педагогов-ветеранов Шумилинского района пригласили на праздник

Адукацыя Актуалии

Без настаўніка няма касманаўта…

“Няма на зямлі больш адказнага прызвання…” – мерапрыемства пад такой назвай сабрала 29 верасня ў актавай зале СШ №1 ветэранаў педагагічнай працы з усяго раёна. Выдатны канцэрт, падрыхтаваны вучнямі школы, выхаванцамі цэнтра дзяцей і моладзі і дзіцячага садка №3, дабавіў настрою педагогам, даў магчымасць яшчэ раз адчуць радасць прафесійнага свята, прыняць словы ўдзячнасці і павагі за высакародную працу ад сённяшніх школьнікаў. Многіх гэта кранула да слёз.
З самым цудоўным святам восені  павіншавала ветэранаў-педагогаў намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава, якая прызналася, што ў такі момант адчувае асаблівае хваляванне. “Гэты дзень – выдатная нагода выказаць словы ўдзячнасці за вашу нялёгкую працу, нагода ўспомніць сваіх настаўнікаў, тых, што зрабілі з нас добрых, сумленных і справядлівых людзей. Ідзе час, прыходзяць новыя тэхналогіі, але самай галоўнай задачай настаўнікаў было і застаецца вырасціць добрага чалавека, здатнага шырока мысліць, сумленна працаваць, дабівацца пастаўленых мэт, чалавека, якім можна ганарыцца”, – гаварыла, звяртаючыся да герояў свята, Ірына Іванаўна.
Дзень настаўніка сапраўды аб’ядноўвае вакол сябе многіх. І вельмі важным з’яўляецца той факт, што ніколі забытымі і абдзеленымі ўвагай не застаюцца людзі, якія, усё жыццё прысвяціўшы выхаванню падрастаючага пакалення, сёння знаходзяцца на заслужаным адпачынку. І тут асноўны клопат бярэ на сябе прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Як заўважыла Галіна Раманенка, старшыня раённай арганізацыі, сёння прафсаюзам аб’яднаны больш за тысячу педагогаў, і 220 з іх – ветэраны педагагічнай працы. Двое, Л. С. Масько і К. В. Мацвеенка, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Дарэчы, сёлета жанчыны спраўляюць 90-гадовыя юбілеі.
Працягваючы такую своеасаблівую педагагічную статыстыку, Галіна Піліпаўна адзначыла, што для 26 сем’яў Дзень настаўніка – сямейнае свята, у такіх сем’ях на педагагічнай ніве рупяцца ці рупіліся і муж, і жонка.
Хто б ні ўзяў слова на свяце,  усе ў адзін голас жадалі, каб заслужаны адпачынак настаўнікаў быў актыўным. А яны і стараюцца папоўніць багаж сваіх уражанняў, навярстаць тое, што, магчыма, было ўпушчана за пастаяннай працай. Галіна Раманенка расказала, што ветэраны-настаўнікі аб’ездзілі ўсю Беларусь, што, скажам, толькі сёлета на канцэртах “Славянскага базару” правялі час больш за сотню чалавек. Зараз плануюцца новыя паездкі і праекты. Галоўнае – было б здароўе. А яго ім у першую чаргу жадалі і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Валянціна Мянькова, і старшыня раённай ветэранскай арганізацыі, ветэран педагагічнай працы Кацярына Палоўнікава, і дзеці.
Сустрэча прадоўжылася цёплай размовай за чаем з цукеркамі, цікавай забаўляльнай праграмай. Пад уражаннем ад свята ў рэдакцыю патэлефанавала былая настаўніца СШ №2 Л. У. Рашэтнікава. Яна, выказваючы словы шчырай удзячнасці за выдатна праведзены час, агучвала, вядома, агульны настрой усіх гасцей выдатнага цёплага свята.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №78 ад 04.10.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *