На пераборку бульбы – у “Раднік”

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

На пераборку бульбы – у “Раднік”

Кожную раніцу на аўтобусным прыпынку насупраць раённага Цэнтра культуры можна ўбачыць натоўп пасажыраў. Гэта беспрацоўныя, якія стаяць на ўліку ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. У рабочым адзенні, з вёдрамі ў руках яны спяшаюцца на аўтобус, які трымае накірунак на СФГ “Раднік”.
Як расказала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Валекава, з СФГ “Раднік” заключаны дагавор на прадастаўленне работы па пераборцы бульбы і ўборцы гародніны. Кожны дзень з райцэнтра ў Мішкавічы накіроўваецца па 30-38 чалавек. Ім даецца хоць і часовы, але  ж заробак.
У першыя два дні памочнікі з Шуміліна перабіралі ў Макаўі бульбу. Работа немудрагелістая, але ж за першы дзень затарылі ўсяго па восем мяшкоў на чалавека. “Улічваючы тое, што норма пераборкі за адну гадзіну складае 160 кілаграмаў, гэта вельмі мала, – падлічыў кіраўнік СФГ «Раднік» Ю. В. Сямёнаў. – За 160 кілаграмаў атрымаеш 1 рубель 20 капеек, за рабочы дзень рэальна зарабіць да дзесяці рублёў”. Несумненна, іх заробяць тыя, хто едуць сапраўды працаваць, а не з думкай: абы дзень на зыход.
Дарэчы, кіраўніцтва “Радніка” ўлічыла мінулагоднія пралікі, калі сваім памочнікам на пераборцы плацілі пачасова. Некаторыя, чаго ўтойваць, прыязджалі абы толькі выседзець свае гадзіны. Здзельная аплата, якую ўвялі ў гэтым годзе, неяк стымулюе людзей, яны ведаюць: не будзеш працаваць – увогуле нічога не заробіш.
Па словах агранома “Радніка” Людмілы Прыгун, пасля пераборкі бульбы  чакаюць  на полі буракі, морква і капуста. Работай шумілінцы будуць забяспечаны на ўвесь кастрычнік. Між іншым, кіраўніцтва гаспадаркі патлумачыла, што ўладкавацца на часовую работу ў “Раднік” можа любы жадаючы, у тым ліку і пенсіянеры.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №78 ад 04.10.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *