Валентина Новицкая: «Культработник — это образ жизни»

Актуалии

Культработнік – гэта лад жыцця

Напярэдадні свята работнікаў культуры – слова начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і справах моладзі райвыканкама Валянціне Навіцкай:
– Прафесійнае свята – гэта ў першую чаргу падвядзенне вынікаў, вызначэнне накірункаў дзейнасці заўтрашняга дня, а таксама ўшаноўванне лепшых працаўнікоў прафесіі.
Выдатных работнікаў культуры ў Шумілінскім раёне багата. І іх, безумоўна, ведаюць і ў раёне, і за яго межамі. Ведаюць і нашы вядучыя калектывы. У нас сёння 15 калектываў носяць званне “народны аматарскі калектыў”, 5 – “узорны”. Усяго ж у раёне працуе 147 творчых калектываў.
Культработнік – прафесія шматгранная, па сутнасці гэта лад жыцця. І ў прафесіі застаюцца толькі тыя, хто прымае гэты пастулат.
Сёння ў сферы культуры працуюць людзі, якія маюць стаж у галіне ад 1 месяца да 49 год. І напярэдадні свята работнікаў культуры хачу сказаць словы ўдзячнасці ўсім работнікам галіны, з асаблівай пашанай падзякаваць за шматгадовую плённую працу нашым ветэранам.
Хачу выказаць пажаданні на далейшую сумесную работу з залатым кадравым фондам у асобе такіх прафесіяналаў як Марына Прохарава, Іна Каралёва, Валянціна Сіценка, Галіна Мацвяйчук, Вольга Карбавец, Вольга Загвоздава, Людміла Дарзнек, Зінаіда Касьянава і іншых.
Сёлетні год – Год культуры – багаты на знакавыя падзеі, на юбілейныя даты. Народныя творчыя калектывы Обальскага ГДК “Ветэран” і “Абалянка” адзначылі сваё 30 і 35-годдзе, літаратурна-музычная гасцёўня “Крыніцы” – 30-годдзе, у лістападзе 30-гадовы юбілей справіць Шумілінскі краязнаўчы музей.
У гэтым годзе ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі ўключаны два аб’екты нашага раёна – храмы ХIХ стагоддзя ў вёсках Лескавічы і Пабеда.
Мы ўдзячны за асабісты значны ўклад у развіццё галіны культуры Шумілінскага раёна А. Ф. Мацвейчуку, Л. І. Цыркуновай, Л. А. Гусаковай, В. А. Пашкевіч, В. І. Рудзяковай і іншым, якія сёлета пайшлі на заслужаны адпачынак. Але нашы рады папоўнілі пяць маладых спецыялістаў.
Аднаўленне – гэта рух наперад, гэта развіццё. А без развіцця культуры грамадства прыходзіць у заняпад. Таму шчыра жадаю працвітання нашай прафесіі.
Паважаныя калегі, няхай вашы творчыя праекты садзейнічаюць сцвярджэнню прынцыпаў чалавечнасці, веры і дабра. Здароўя вам і вашым сем’ям, шчасця, далейшых поспехаў у прафесійнай дзейнасці! Ідзіце па жыцці з усведамленнем той ісціны, што “культурай правіць – самому прыкладам быць”.
Надрукавана ў №79 ад 07.10.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *