Районные власти встретились с молодыми специалистами

Актуалии Молодёжь

“Няхай усё ў вас збудзецца!”
Такі выраз-пажаданне быў на сувенірах, якія хлопцы і дзяўчаты атрымалі ў мінулую пятніцу падчас урачыстага мерапрыемства ў Шумілінскай дзіцячай школе мастацтваў – традыцыйнай сустрэчы кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі, якія сёлета прыбылі ў раён пасля заканчэння навучальных устаноў. Такімі пажаданнямі вітаў маладых спецыялістаў падчас свайго выступлення і старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Снараў. А яшчэ – абавязкова заставацца пасля адпрацоўкі ў Шумілінскім раёне. Знаёміцца, кахаць, ствараць сем’і, нараджаць дзяцей, будаваць жыллё і кар’еру, быць шчаслівымі.
Кіраўнік раёна запэўніў, што ў раёне многае зроблена і робіцца для камфортнай работы і жыцця маладых людзей: будуюцца новае жыллё і сацыяльныя аб’екты, мадэрнізуецца вытворчасць, створаны ўмовы для адкрыцця новых працоўных месцаў і бізнесу. Усё – у руках маладых, у іх жаданні расці і развівацца, гучна заяўляць пра сябе, удасканальвацца, быць ініцыятарамі добрых, творчых і годных спраў. А задача дарослых  – дапамагчы ў вырашэнні складаных пытанняў, падтрымаць, падказаць, параіць…
Нагадаем, што сёлета ў раён прыбыло каля 90 маладых хлопцаў і дзяўчат, якія, хочацца верыць, ужо паспелі адаптавацца да новых умоў, палюбіць першае працоўнае месца, знайсці сяброў, ацаніць усе перавагі жыцця ў Шумілінскім раёне.
Змястоўным, цікавым і разнапланавым атрымалася мерапрыемства. Па-першае, маладыя спецыялісты атрымалі шмат карыснай інфармацыі накшталт “як атрымаць вельмі выгадны льготны крэдыт для маладых спецыялістаў ад Беларусбанка”, “як пабудаваць жыллё”, “як стаць членам маладзёжнай суполкі БРСМ і разнастаіць свой вольны час”. Па-другое, пераканаўчымі былі выступленні маладых спецыялістаў мінулых гадоў, якія прадэманстравалі сваім сябрам, як цікава ім жывецца і працуецца на Шуміліншчыне, як падтрымліваюцца іх талент і ідэі.
Пасля афіцыйнай часткі і чайнай паўзы для маладых спецыялістаў раёна была арганізавана экскурсія: спачатку на фізкультурна-аздараўленчы комплекс у райцэнтры (экскурсію правёў сам кіраўнік раёна), а пасля – паездка ў Обаль на Обальскі керамічны завод і ў Обальскі музей камсамольскага падполля.
Як складзецца лёс хлопцаў і дзяўчат, пакажа час. Але многае, безумоўна,  залежыць ад саміх маладых. І так хочацца, каб усе мары і надзеі ў іх збыліся, і Шуміліншчына стала для іх другой радзімай, і яны ўнеслі свой пасільны ўклад у яе развіццё.
Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *