В Шумилинском районе идёт акция “За безопасность вместе!”

Актуалии Безопасность Общество

Прафілактыкі зашмат не бывае

У рамках рэспубліканскай акцыі па папярэджанні пажараў і гібелі людзей у іх “За бяспеку разам!” на мінулым тыдні прайшоў рэйд па населеных пунктах Обальскага сельсавета. У мерапрыемстве бралі ўдзел старшыня Обальскага сельвыканкама Мікалай Будневіч, намеснік начальніка РАНС Дзмітрый Красоўскі і начальнік пажарнага аварыйна-выратавальнага паста ў Обалі Віктар Баганаў.

В. Баганаў зазначыў, што прафілактыка пажараў і няшчасных выпадкаў мае надзвычай важнае значэнне. Так, напрыклад, на Обальшчыне налічваецца 130 домаўладанняў, у якіх жывуць дзеці да 14 год. З пачатку года былі праведзены прафілактычныя гутаркі з 454 чалавекамі, у тым ліку 162 непаўналетнімі. “Яшчэ раз нагадаць пра пажарную бяспеку лішнім не будзе”, – упэўнены Віктар Баганаў.

Спачатку адбылася сустрэча з працоўным калектывам Обальскага дзіцячага садка.  Выратавальнікі нагадалі правілы пажарнай бяспекі. Размова ішла і пра стан грубак (іх спраўнасць – залог бяспекі), і  пра пажарныя апавяшчальнікі, якія выратавалі не адно чалавечае жыццё. Пераканаўча гучалі прыклады з практыкі. Дзмітрый Красоўскі нагадаў пра нядаўні пажар у вёсцы  Забар’е Каўлякоўскага сельсавета, прычынай якога стала шчыліна ў дымаходзе.

“Сёння праедзем па вёсках Лявонава, Гаравыя, Грудзінава і Ферма, – адзначыў Мікалай Будневіч. –  Наведаем  шматдзетныя сем’і, сем’і, якія стаяць на розных відах уліку, пенсіянераў, адзінока пражываючых, асоб, якія вядуць асацыяльны лад жыцця”.

Падчас рэйду наведалі больш за  20 домаўладанняў. Супрацоўнікі РАНС правяралі спраўнасць грубак, электрычнай праводкі.

Месячнік працягваецца, і рэйдавыя групы наведаюць усе населеныя пункты раёна.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.

Надрукавана ў №86 ад 01.11.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *