В Шумилино прошёл слёт выпускников

Актуалии Образование

У. П. Куранны: “Няхай вас заўжды цягне дамоў, на Шуміліншчыну”
Выбар будучай прафесіі – адно з самых першых, самых сур’ёзных рашэнняў кожнага з нас. І вельмі важна, каб у гэты самы момант знайшліся людзі, якія дапамогуць, падкажуць і падтрымаюць. Для таго, каб сарыентаваць  моладзь у моры разнастайных спецыяльнасцяў, якія прапануюць навучальныя ўстановы нашай краіны, 15 красавіка ў раённым цэнтры культуры прайшоў злёт выпускнікоў.
Якія б тэмпы ні набіраў тэхнічны прагрэс, а кадры па-ранейшаму вырашаюць усё, упэўнены старшыня райвыканкама У. П. Куранны. Усё – ад дабрабыту  канкрэтнай сям’і да працвітання дзяржавы ў цэлым. І ёсць вялікія спадзяванні на тое, што рашучасць, працавітасць і адказнасць маладых людзей, што сабраліся ў зале, у самым бліжэйшым будучым перарастуць у прафесіяналізм, дасведчанасць і аўтарытэт у той ці іншай прафесіі. А Уладзімір Пятровіч, у сваю чаргу, паабяцаў дапамагчы кожнаму, хто звернецца да яго з праблемамі і пытаннямі.
Размаўляючы са старшакласнікамі, кіраўніку раёна ўдалося без нейкіх асаблівых павучанняў данесці думку, што вельмі важна працаваць сумленна, адказваць за свой участак работы. І што ў кожнага – свой шлях у прафесіі. Ён браў за прыклад працоўныя біяграфіі першых асоб краіны – Прэзідэнта А. Р. Лукашэнкі, кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта А. М. Косінца і іншых для таго, каб акрыліць дзяцей, падмацаваць іх упэўненасць у сабе, даказаць, што нічога немагчымага няма, галоўная ўмова поспеху ў прафесіі – працаздольнасць,  прафесіяналізм і пастаянная работа над сабой.
Расказаў Уладзімір Пятровіч і пра сябе. Пра тое, як не ўдалося спраўдзіцца мары стаць ваенным, як вырашыў пайсці працаваць на завод. Але бацька параіў найперш атрымаць спецыяльнасць, і малады хлопец закончыў тэхнічнае вучылішча. Ён сур’ёзна займаўся парашутным спортам, радыёспортам, падводным. Шчыра прызнаўся, што нават не дапускаў для сябе думкі атрымаць вышэйшую адукацыю, бо перад вачыма быў прыклад сястры Марыі, якая днём і ноччу вымушана была сядзець з кнігай. Пасля арміі, каб не  залежаць ад бацькоў матэрыяльна, пайшоў працаваць на завод. Пасля вучыўся ў сельгастэхнікуме  на агранома. І ўжо калі працаваў, усё ж атрымаў вышэйшую адукацыю.
Уладзімір Пятровіч шчыра даверыў дзецям усе падрабязнасці сваёй працоўнай біяграфіі, як ад брыгадзіра дайшоў па пасады кіраўніка раёна. Бачна, што старшыня райвыканкама ганарыцца сваёй сям’ёй, і гэтым дзецям, бы сваім уласным, ён па-бацькоўску шчыра і зацікаўлена даваў парады. Думаецца, што хлопцы і дзяўчаты пранікліся асаблівым даверам да кіраўніка раёна, а можа менавіта ў гэтыя хвіліны нехта з іх вырашыў пасля вучобы абавязкова вярнуцца на малую радзіму, хоць раней і меркаваў інакш. Калі ў цябе вераць, калі цябе чакаюць, гэта дарагога каштуе. “Дзе б вы ні былі, няхай вас заўжды цягне дамоў, на Шуміліншчыну”, – пажадаў Уладзімір Пятровіч.

16 прадстаўнікоў розных  навучальных устаноў краіны прэзентавалі свае альма-матар. Сярод іх Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія  (Горкі), Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі (Гомель), Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт і многія каледжы і  прафесійныя ліцэі. Дзецям завочна ўдалося пабываць амаль ва ўсіх установах, бо выступленні прадстаўнікоў навучальных устаноў былі падмацаваныя відэафільмамі. Думаецца, што ў тых старшакласнікаў, якія да гэтага часу не вызначыліся з будучай прафесіяй, была магчымасць зрабіць свой выбар.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №30 ад 17.04.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *