22 июня 1941 года… Помним

Актуалии

22 чэрвеня – Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны
Трагічнай датай увайшоў у гісторыю нашай краіны  гэты дзень. 22 чэрвеня  1941 года пачалася самая кровапралітная вайна, якая стала называцца Вялікай Айчыннай.
Семдзясят чатыры гады аддзяляюць нас ад той нядзельнай раніцы, калі  варожыя самалёты з чорнымі крыжамі на крылах уварваліся ў мірнае неба над нашай зямлёй. Прайшло столькі часу, а доўгае рэха вайны не змаўкае. Прабіваецца нечаканымі выбухамі затоеных снарадаў, ціхім плачам над пажоўклымі  франтавымі трохвугольнікамі, перазвонам медалёў на грудзях сівавалосых ветэранаў.
Вайна прынесла гора ў кожную беларускую хату.  Гітлераўцы ператварылі ў руіны 209 беларускіх гарадоў і раённых цэнтраў, знішчылі 9200 сёл і вёсак, расстралялі, закатавалі і спалілі больш за 2,2 мільёна чалавек, вывезлі ў няволю 380 тысяч.
За тры гады акупацыі фашысты знішчылі на тэрыторыі нашага раёна каля дзвюх тысяч мірных жыхароў, былі спалены 133 вёскі і вёсачкі, 24 так і не адрадзіліся пасля вайны.  Восем з іх – Бачканы, Дражакі, Залессе, Заазер’е, Зуёва, Папова, Шчамілаўка, Ямішча – увекавечаны на могілках вёсак у мемарыяльным комплексе “Хатынь”.
У Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны мы схіляем галовы перад подзвігам тых, хто змагаўся за свабоду на франтах, у партызанскіх атрадах, працаваў у тыле.
Надрукавана ў №47 ад 19. 06. 2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *