В Оболи прошёл турнир по греко-римской борьбе, посвящённый памяти участников обольского подполья

Актуалии Спорт, туризм

Чэмпіёны сённяшнія і заўтрашнія

У пятніцу-суботу ў Обалі прайшоў традыцыйны рэспубліканскі турнір па грэка-рымскай барацьбе, прысвечаны памяці членаў Обальскай падпольнай камсамольскай арганізацыі “Юныя мсціўцы”. У турніры бралі ўдзел звыш 100 юных барцоў з 10 каманд.

Двухразовы чэмпіён свету, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў Ігар Каныгін і намеснік старшыні райвыканкама І. І. Шалахава пажадалі ўдзельнікам яркай барацьбы, перамог і спартыўнага росту. Паказальны паядынак правялі Вадзім Грачухін і Ягор Ганушчанка, якія пачыналі сваю спартыўную кар’еру менавіта з Обальскага турніру.

Турнір у Обалі прайшоў у дзвюх узроставых групах. Гэта дало магчымасць трэнерам заявіць як вопытных спартсменаў, так і навічкоў.

Сваімі выступленнямі на турніры пацвердзілі свой высокі клас абальчане Мікіта Барсукоў і Цімафей Карасёў, шумілінец Кірыл Крыўко, якія пераканаўча перамаглі ў сваіх вагавых катэгорыях. Ухвальных слоў ад трэнера Юрыя Сцяпанава заслужыў навічок спаборніцтваў Іван Александроў, які заваяваў другое месца. Пётр Ганушчанка адзначыў, што обальскія навічкі вельмі годна выступілі на турніры, добрая спартыўная будучыня ёсць у Анатоля Анцупава і Ільі Бамжанава.

На закрыцці спаборніцтваў пераможцы і прызёры атрымалі медалі і дыпломы. Спецыяльныя прызы прадаставілі РАУС, аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, Обальскі керамічны завод, райкам ГА БРСМ. Раённая газета “Герой працы” ўручыла прызы ў намінацыі “Алім-пійскія надзеі Шуміліншчыны” Дзмітрыю Кучмарову і Анатолю Анцупаву.

Алесь САКАЛОЎ.

Надрукавана ў №86 ад 01.11.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *