Жатва набирает обороты. Утверждены условия соревнования на уборке зерновых.

Актуалии Сельское хозяйство

У агульны каравай краіны
Зварот Шумілінскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу да ўдзельнікаў жніва
Паважаныя хлебаробы! Праца на зямлі нялёгкая. Да таго ж, надвор’е ніколі не песціць вяскоўцаў. І ў гэтых умовах у вашых руках не толькі лёс ураджаю сёлетняга года, але і харчовая бяспека краіны, дабрабыт вашых сем’яў і ўсіх працаўнікоў вёскі. Раённы камітэт Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу заклікае вас актыўна ўключыцца ў працоўнае спаборніцтва, дэманстраваць прыклады прафесійнага майстэрства, беражліва адносіцца да тэхнікі, эканоміць гаруча-змазачныя матэрыялы, рацыянальна выкарыстоўваць рабочы час. Памятайце: ад вас залежыць, якім будзе хлебны каравай краіны.
Мы заклікаем вас да ўмацавання дысцыпліны і строгага выканання ўсіх патрабаванняў па ахове працы. Не забывайце, што вы патрэбныя сваім сем’ям здаровымі.
Наша агульная задача – завяршыць уборку ў аптымальныя тэрміны. Раённы камітэт прафсаюза ўпэўнены, што вы паспяхова справіцеся з пастаўленай задачай. Няхай ваша сумленная праца будзе на карысць Радзіме і вашаму дому.

За дасягненне лепшых паказчыкаў

Пастановай прэзідыума райкама прафсаюза работнікаў АПК зацверджаны ўмовы раённых спаборніцтваў за дасягненне лепшых паказчыкаў на ўборцы зерневых культур.
Пераможцы будуць вызначацца сярод экіпажаў зернеўборачных камбайнаў, сярод вадзіцеляў і работнікаў зернесушыльных агрэгатаў. Сярод маладых камбайнераў і вадзіцеляў спаборніцтвы праводзяцца асобна.
Згодна з умовамі спаборніцтваў, экіпаж, які намалоціць першыя 500 тон зерня, атрымае каштоўны падарунак і падзяку райкама прафсаюза. Падарункамі, віншаваннямі і ўдзячнымі лістамі будуць вітаць тысячнікаў і тых, хто першымі намалоціць паўтары тысячы тон зерня. Пераможцы раённых спаборніцтваў на жніве будуць прымаць ўдзел у абласных.
Абавязковай умовай для вызначэння пераможцаў з’яўляецца адсутнасць выпадкаў вытворчага траўматызму і парушэння працоўнай дысцыпліны. Хто будзе першым па намалоце зерня і па яго перавозцы, нашы чытачы даведаюцца са старонак раённай газеты.
Надрукавана ў №56 ад 26.07.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *