«Сердце семьи – мать». К юбилею К. В. Матвеенко

Векапомнае Людзі і лёсы

Сэрца сям’і – маці
15 лістапада спаўняецца 90 год нашай маці – Кацярыне Васільеўне Мацвеенка. Хацелася б ад усяго сэрца павіншаваць яе з днём нараджэння, пажадаць здароўя, прыемных падзей і доўгіх гадоў жыцця.
Кацярына Васільеўна з кагорты тых жанчын, пра якіх можна пісаць кніжкі, якія заслугоўваюць павагі і ўслаўлення. Яна з’яўляецца ветэранам Вя-лікай Айчыннай вайны і ветэранам працы, ёй прысвячаліся артыкулы ў газетах, пра яе апавядаецца ў энцыклапедычным даведніку “Хто ёсць хто ў Беларусі”.
На яе лёс выпалі цяжкія выпрабаванні. І самае жудаснае – гэта вайна. Калі яна пачалася, Кацярыне было ўсяго 15 год. Бацьку расстралялі фашысты ў 1942 годзе за сувязь з партызанамі, і Каця з сяброўкамі збегла ў лес, у партызанскі атрад. Навучылася страляць, хадзіла ў разведку, удзельнічала ў баявых аперацыях, працавала на партызанскай кухні. Выконвала самыя розныя даручэнні камандавання. Зведала і голад, і холад, і страх, і гнеў да лютага ворага, што зламаў жыццё мільёнаў людзей. Уявіць гэта могуць толькі тыя, хто сам перажыў такое…
У пасляваенныя гады Кацярыне Васільеўне давялося не толькі шмат працаваць, але і вучыцца, і адначасова гадаваць і выхоўваць дзетак. Прафесію яна абрала самую мірную – стала настаўніцай. Адпрацавала 35 год у школе, узнагароджана знакам “Выдатнік народнай асветы БССР”.
Яшчэ ў партызанскім атрадзе Кацярына сустрэла свайго мужа – Мікалая Фёдаравіча, з якім яны разам пражылі 53 гады, вырасцілі трох сыноў. Сёння яго ўжо няма сярод жывых, як няма і двух сыноў. Гэтыя страты цяжкім каменем ляжаць на яе сэрцы. Заглушыць гэты боль стараецца працай, чытаннем кніг, газет, праглядам тэлеві-зійных праграм, сустрэчамі з добразычлівымі суседкамі. Маці яшчэ трымае казу, курэй, даглядае свой агарод, сад. Праўда, здароўе ўжо падводзіць, але яна трымаецца мужна. Стараецца ўсё рабіць сама. Не хоча пераязджаць да сына, напэўна таму, што адчувае сябе гаспадыняй толькі ў сваёй хаце, якую калісь самі з мужам будавалі…
Мы прыязджаем да яе кожны тыдзень, тэлефануем штодзень, бо яна для нас вельмі дарагі чалавек. Яе ўнукі і праўнукі пішуць ёй лісты, якія яна кожны дзень чакае і потым перачытвае не адзін раз.
У нас з мужам засталася адна маці на дваіх, і хочацца, каб яна была побач з намі як мага даўжэй. Я добра памятаю яе наказ на нашым вяселлі: “Беражыце адзін аднаго. Не сварыцеся. Калі адзін з агнём, дык другі з вадою, каб спрэчкі не разгараліся…”. Можа, яе запавет і беражэ нашу сям’ю ўжо 40 год.
Маці – сэрца нашай сям’і. Яна аб’ядноўвае ўсіх вакол сябе. Для нас Кацярына Васільеўна заўсёды з’яўляецца прыкладам працавітасці і цярплівасці, мудрасці і дабрыні. Мы захапляемся нашай маці і бабуляй. Вельмі хочацца, каб у яе было доўгае і шчаслівае жыццё, каб усе родныя маглі збірацца ў яе хаце, каб у яе быў час радавацца за сваіх дзяцей, унукаў, праўнукаў, ганарыцца імі.
Па даручэнні сям’і – нявестка
Жанна МАЦВЕЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *