Константин Баканов: о медицине, о здоровье, о жизни

Актуалии Здоровье Общество

Размова з юбілярам: На прыпынку жыццёвай дарогі

У кабінеце галоўнага ўрача раённай бальніцы ўтульнасць, тут пануе ідэальны парадак, які я разглядваю, пакуль увагу гаспадара адцягваюць бясконцыя тэлефонныя званкі. Мы размаўляем з Канстанцінам Фёдаравічам Баканавым напярэдадні яго асабістага юбілею пра медыцыну, пра здароўе, пра жыццё.
Пакідаючы асабістыя пытанні на канец размовы, прашу галоўнага доктара раёна ахарактарызаваць адносіны жыхароў Шумілінскага раёна да свайго здароўя.

– Не хочуць людзі думаць пра сваё здароўе, – узрушана адклікаецца Канстанцін Фёдаравіч, – не хочуць абследавацца, не берагуць сябе. Многія дэманструюць абсалютную абыякавасць, а здароўе часам не даруе гэтую абыякавасць. І вось тады ўзнікаюць запушчаныя хваробы, якія лячыць складана, а іншым разам і позна.
– Што з гэтым  рабіць, як пераламаць сітуацыю, калі такая абыякавасць закладзена ў нашым менталітэце?
–  Мы разумеем, што нашай прафілактычнай работай гэты цягнік з месца не зрушыш, бо нават калі ў чалавека выявілі высокі халестэрын ці ціск зашкальвае, і мы настойваем на даабследаванні, а чалавек проста ігнаруе і не думае, што ігнаруе ў канечным выпадку сваё здароўе. Думаецца, што тут разумна было б увязаць дыспансерызацыю з рабочым месцам, як гэта робіцца ў некаторых заходніх краінах, дзе наймальнік можа разарваць кантракт з работнікам, які не прайшоў медыцынскі агляд. У гэтым выпадку ў працаздольнага чалавека (а ў гэтай катэгорыі якраз і “няма часу” на сваё здароўе) будзе зацікаўленасць у наведванні медыцынскай установы.
– З чаго складаецца звычайны рабочы дзень галоўнага ўрача Шумілінскай цэнтральнай раённай бальніцы?
– Як і ўсе, дзень пачынаю з невялікай зарадкі, потым абавязкова – сняданак, гарачы чай. Потым перайшоў дарогу – і на рабоце. Кожны свой рабочы дзень пачынаю з прыёмнага пакою і аддзялення хуткай дапамогі – бачу ўсю інфармацыю: хто паступіў, каму патрэбна дапамога ў першую чаргу. У восем гадзін праводжу планёрку па бягучых рабочых пытаннях са сваімі намеснікамі. Адзін раз на тыдзень – адміністрацыйныя абходы, аб’езды  па раёне. Шмат даводзіцца рашаць гаспадарчых пытанняў, фінансавых.
– Спадзяюся, у Вас ёсць выхадныя. Што Вы робіце ў выхадны?
– У мяне, як і ва ўсіх, ёсць выхадныя, калі на рабоце няма ніякіх надзвычайных сітуацый. У вольны час я вельмі люблю займацца домам, садам, агародніну ўсялякую вырошчваць.
– А сад вялікі?
– Сад пакуль што малады, але як вырастуць мае 30 яблынь ды адораць яблыкамі, дык будзе багаты. Ёсць у нас і грушы, і вішні, шмат парэчак…
– А ці ёсць каму дапамагаць спажываць плады вашай працы?
А як жа! У нас з жонкай дзве дачкі, дзве ўнучкі і ўнучок, вітамінаў хочацца нарасціць найперш для іх.
– Вы з сямейнай дынастыі медыкаў ці першы ў сваім родзе пратоптваеце лекарскую сцежку?
– Выходзіць, што першы, ні бацькі, ні дзяды медыцынай не захапляліся. А я рашыў стаць медыкам, калі пасля траўмы ўрачы сабралі маё калена і паставілі мяне на ногі. Я ў школе захапляўся мотакросамі, і вось падчас аднаго з кросаў на мокрым асфальце пераацаніў свае магчымасці і ўрэзаўся ў дрэва. Пасля таго, як я выпісаўся з бальніцы і адчуў, што магу не толькі хадзіць, а і танцаваць, вырашыў сам стаць урачом і дапамагаць людзям змагацца з хваробамі.
– Канстанцін Фёдаравіч, на пасадзе галоўнага ўрача Вы працуеце 15 год, прыехалі ў Шуміліна ўжо сталым урачом з добрай практыкай і вопытам кіраўніцкай работы. Відаць, і гэтыя якасці дапамагалі Вам у рабоце, у тым, што сёння Вы маеце права азірнуцца назад з пачуццём задавальнення ад зробленай работы.
– Я пачынаў працу ў Магілёўскай вобласці, і адразу мяне прызначылі галоўным урачом гарпасялковай бальніцы Быхаўскага раёна. Быў і за лечачага ўрача, і за адміністратара, і за прараба. Справа ў тым, што будынак бальніцы быў ніякі, туалеты на вуліцы, вось я і вырашыў увязацца ў будаўніцтва гаспадарчым спосабам з дапамогай трох мясцовых гаспадарак. Добрая бальнічка атрымалася. З санвузламі, з фізіякабінетамі. Пазней 12 год я працаваў у Бешанковічах – прайшоў шлях ад участковага тэрапеўта да намесніка галоўнага ўрача, начальніка медыцынскай часткі. Таму сапраўды вопыт быў, але ж, самі разумееце, медыцына не можа існаваць без дзяржаўнай падтрымкі, без фінансавай дапамогі. Пашанцавала, што ў 2000-ых  разгарнулася праграма адраджэння сяла, і нам удалося прыстойна аднавіць і аснасціць вясковыя амбулаторыі і ўчастковыя бальніцы. Куды складаней было вырашаць пытанні з рамонтам даху раённай бальніцы, заменай вокнаў, рамонтам аддзяленняў, які, дарэчы, працягваецца і сёння. Вядома, хацелася б большага, але і тое, што сёння ў раённай бальніцы ёсць клініка-дыягнастычная лабараторыя, ёсць рэнтгенакамп’ютарны комплекс, іншая сучасная тэхніка, гэта нямала.
– У скарбонку сваіх набыткаў Вы можаце пакласці і вырашэнне кадравага пытання.
– З кадрамі, сапраўды, стала лягчэй, хоць і засталіся пытанні па сярэднім медыцынскім персанале. Урачамі ж мы зараз укамплектаваны на 96%. Пакуль што няма акуліста, але ўжо адбылося размеркаванне ў ВМУ, і мы летам чакаем спецыяліста. Другая справа, што працуюць 15 урачоў пенсійнага ўзросту, але без іх, пакуль не зменяць маладыя, ніяк. Актыўна працуем з мэтавымі накіраваннямі, і яны даюць плён – спецыялісты вяртаюцца да нас, хоць, вядома ж, і не ўсе.
– Канстанцін Фёдаравіч, а што для Вас азначаюць такія паняцці як свабода, шчасце, каханне?
– О, гэта самыя складаныя пытанні. Не ведаю, як і адказаць. Ведаеце, я вельмі люблю збіраць грыбы, і вось калі ідзеш вераснёўскім днём па лесе, лісце шуміць пад нагамі, неба празрыстае прама над табой, час спыняецца, дыхаецца лёгка – можа, гэта і ёсць свабода? А калі вяртаешся дадому, а там прыехалі ўнукі, шум, смех, радасць – відаць, гэта і ёсць шчасце. Напэўна ж, і каханне ёсць, толькі я не задумваўся з першага яно позірку ці з чацвёртага. Не думаў пра гэта і тады, як са сваёй Нінай сустрэўся. Яна тады ў Глыбоцкай бальніцы медсястрой працавала, а я, яшчэ студэнт, на практыку прыехаў, хацелася выглядаць акуратна, дык  яна мне дапамагла халацік адпрасаваць, шапачку накрухмаліць… З гэтага ўсё і завязалася, і да гэтага часу разам. Напэўна ж, каханне.
– А калі б час павярнуць і Вам зноў 17, куды б Вы накіравалі свае памкненні?
– Не ведаю, можа, паўтарыў бы свой шлях, а можа, стаў бы, як нацэльвала мяне Ванда Фердынандаўна (былы старшыня Пастаўскага райвыканкама, К. Ф. Баканаў родам з Пастаўшчыны – аўт.), аграномам ці інжынерам. Хто ведае…
Сапраўды, хто ведае. Але мы дакладна ведаем, што Канстанцін Баканаў адбыўся як прафесіянал, як сем’янін і як добры сябар.

З надыходзячым Вас юбілеем, Канстанцін Фёдаравіч, шчасця Вам, новых поспехаў, здароўя!
– Дзякуй!
Гутарыла Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №93 ад 29.11.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *