Коллектив представительства Белгосстраха по Шумилинскому району отмечает 95-летие компании

Общество

Гарант даверу, спакою і ўпэўненасці

Першыя спробы арганізацыі страхавой справы ў Беларусі адносяцца да канца 18 стагоддзя, калі беларускія землі ўвайшлі ў склад расійскай імперыі. Частыя пажары вымушалі заможных домаўладальнікаў страхавацца.
У пачатку 20 стагоддзя атрымліваюць распаўсюджанне новыя віды страхавання: жыцця, капіталу, транспарту, паштовых адпраўленняў, ад няшчасных выпадкаў. Для гэтых мэт былі заснаваны Страхавыя экспедыцыі, Расійскае страхавое ад агню таварыства, таварыства ўзаемнага страхавання, было арганізавана і паспяхова функцыянавала земскае страхаванне, з’яўляліся замежныя страхавыя кампаніі.
Днём нараджэння Белдзяржстраху лічыцца 3 снежня 1921 года, калі быў выдадзены дэкрэт Саўнаркама Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі “Аб арганізацыі дзяржаўнага маёмаснага страхавання”. Дэкрэтам прадугледжвалася першапачатковае развіццё добраахвотнага маёмаснага страхавання і толькі па меры замацавання апарата страхавых органаў меркавалася прыступіць да абавязковага.
За 95 год Белдзяржстрах прайшоў вялікі шлях, які непарыўна звязаны з гісторыяй краіны – ад станаўлення, адраджэння, пасляваеннага аднаўлення, перыядаў аўтаноміі і цэнтралізацыі, дэманапалізацыі, рыначных пераўтварэнняў да сучаснасці.  У 2001 годзе Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь устаноўлена прафесійнае свята – Дзень страхавых работнікаў.
Сёння Белдзяржстрах – буйная сучасная страхавая кампанія, якая прапануе разнастайныя паслугі і валодае ўнікальным вопытам страхавой работы і багатымі традыцыямі.
Ніхто з нас не застрахаваны ад бяды. І прыходзіць яна звычайна раптоўна, без папярэджанняў і намёкаў, як снег на галаву, прыносячы шмат клопатаў, расстройстваў і непрыемнасцяў. “Ведаў бы, дзе ўпадзеш, саломкі б пасцяліў” – так звычайна кажуць тыя, хто прыходзіць у страхавую кампанію ўжо пасля таго, як з імі здарылася няшчасце. А каб такога не атрымлівалася, каб у надзвычайных сітуацыях (пажар, аварыя, няшчасны выпадак) чалавек не заставаўся сам-насам з бядой, створана ў нашай краіне спецыяльная арганізацыя Белдзяржстрах. Яна ставіць за мэту несці спакой за пабудаваны сваімі рукамі дом, за здароўе і бяспеку сваіх родных, за спадчыну наступных пакаленняў і звесці да мінімуму страх згубіць усё, у што ўкладзена шмат працы і намаганняў.
На тэрыторыі раёна асноўныя задачы па страхаванні рэалізуе прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Шумілінскім раёне. Сёння гэта калектыў з 22 чалавек (з іх 13 страхавых агентаў), узначальвае які Інга Аўрова.
“Наш калектыў – гэта дружная, згуртаваная каманда прафесіяналаў, якія любяць сваю справу і стараюцца працаваць на сумленне, – кажа Інга Сяргееўна. – Сёння мы можам прапанаваць нашым кліентам больш за 80 відаў страхавання, як абавязковыя, так і добраахвотныя. Фактычна ў раёне прадстаўлена больш за 40 напрамкаў страхавых паслуг.”
Па словах дырэктара, самым масавым відам страхавання ў жыхароў Шуміліншчыны з’яўляюцца маёмасныя інтарэсы грамадзян. Прагнозныя паказчыкі па гэтых відах выкананы па стану на 1 лістапада на 102,8%. Папулярнае ў нашым раёне страхаванне грамадзян ад няшчасных выпадкаў і захворванняў, план выкананы на 103,6%.  Наогул па добраахвотных відах страхавання тэмп росту складае 114,3%.
Калі гаварыць пра страхавыя выплаты, то трэба адзначыць, што за 10 месяцаў спецыялістамі прадстаўніцтва разгледжана 329 заяў, па якіх выплачана кліентам 113 тыс. 486 рублёў. У прыватнасці, асноўную масу (85% усіх выплат) складаюць выплаты па страхаванні ад няшчасных выпадкаў і захворванняў: разгледжана 139 заяў, па якіх выплачана 26 тыс. 200 руб. Па добраахвотным страхаванні жывёлы па 34 заявах кліентаў выплачана 6 тыс. 600 рублёў.
І выкананне пастаўленых кіраўніцтвам задач было б немагчыма без кваліфікаваных страхавых работнікаў, зазначае І. Аўрова. Шмат гадоў аддалі справе страхавання, напрацавалі аўтарытэт і імідж прадстаўніцтву нашы шаноўныя ветэраны – В. А. Старыковіч, Л. М. Фандарэнка, У. І. Сайко. Сёння наўрад ці хто з жыхароў раёна не ведае прафесіяналаў Белдзяржстраху страхавых агентаў Р. І. Несцярэнку, Е. М. Александрову, З. М. Дземідзенка, Л. М. Семянькову, спецыялістаў І. М. Каніну і А. М. Гусакову, якія карыстаюцца заслужаным аўтарытэтам і даверам. За спраўнасць, кампетэнтнасць і жаданне вучыцца, асвойваць і ўкараняць новыя страхавыя паслугі хваліць кіраўніцтва маладых спецыялістаў Алену Кіташову, Святлану Юрчанку і многіх іншых.
Страхавыя работнікі перакананы: робячы выбар на карысць страхавання сёння, чалавек інвестуе ў спакойнае заўтра. Відавочна, што непрадбачаныя расходы – куды больш сур’ёзны іспыт для бюджэту, чым кошт страхавога поліса. Страхаванне – гэта рэальная гарантыя ў выпадку няўдачы. І Белдзяржстрах забяспечвае такую гарантыю.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №94 ад 02.12.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *