Шумілінцы годна выступалі ў Мінску

Актуалии Общество

Шумілінцы выступалі ў Мінску

У мінулую пятніцу, 2 снежня, у Мінску адбыўся дабрачынны гала-канцэрт лаўрэатаў міжнародных фестываляў творчасці інвалідаў “Разам”, на які былі запрошаны прадстаўнікі з усіх абласцей рэспублікі. Віцебскую вобласць прадстаўляла дэлегацыя Шумілінскага раённага таварыства інвалідаў на чале з яе старшынёй Л. М. Нагібавай.
Удзельнікі свята сабраліся ў канцэртнай зале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Трэба адзначыць, што зала ў гэты дзень была перапоўнена – жадаючых паглядзець канцэрт знайшлося вельмі многа. Сюды прыйшлі цэлымі сем’ямі. Маюцца на ўвазе тыя сем’і, дзе жывуць людзі з абмежаванымі магчымасцямі і якія без падтрымкі блізкіх не змаглі дабрацца да Нацыянальнай бібліятэкі. Было бачна, што яны штодзень адчуваюць падтрымку родных, з годнасцю пераадольваюць усе выпрабаванні. Гэтыя словы асабліва адносяцца інвалідаў, якія  па жыцці творча актыўныя – спяваюць і танцуюць. І пацвярджэнне таму – канцэрт з іх удзелам.
На сцэну адзін за адным выходзілі самадзейныя артысты, якіх сустракалі і праводзілі бурнымі апладысментамі. Такія ж апладысменты былі і ў адрас нашых шумілінскіх артыстаў – Валянціны Навіцкай, якая выконвала “Баладу пра маці”, і тых, хто падрыхтаваў інсцэніроўку да песні – Любові Улюценкі і Георгія Нуждзіна з Шуміліна, Аляксандра Халсціннікава са Светласельскага і Аляксея Бядрыцкага з Мікіціхі. Нумар мастацкай самадзейнасці прыйшоўся даспадобы гледачам. У зале было так ціха, што чутна дыханне суседзяў, седзячых побач. Нашы землякі выступалі яскрава, праўдзіва, ад душы. Пацвярджэнне таму – эмоцыі гледачоў: некаторыя да таго расчуліліся, што на вачах з’явіліся слёзы.
Разам з лаўрэатамі міжнародных фестываляў творчасці інвалідаў на сцэне канцэртнай залы Нацыянальнай бібліятэкі выступілі і заслужаныя артысткі Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева і Алена Сола, старшыня Беларускага саюза кампазітараў Ігар Лучанок, народны артыст Беларусі кампазітар Эдуард Ханок і  іншыя.
Шумілінская дэлегацыя вярталася дадому з памятнымі падарункамі, вясёлым настроем  і добрымі ўражаннямі пра Мінск.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №95 ад 06.12.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *