Комплекс «Добринский» планирует в 2017 году поставлять на мясокомбинат по 780 голов свиней ежемесячно

Экономика

Комплекс выйшаў на поўную магутнасць

Свінагадоўчы комплекс “Добрынскі”, які належыць Віцебскаму камбінату хлебапрадуктаў, да канца года падыходзіць з пазітыўнай дынамікай вытворчасці. Так, сёлета рэалізавалі дзяржаве 308 тон свініны, што у 3,6 раза больш, чым летась.

Начальнік комплексу І. М. Старавойтаў сустрэў нас ля прахадной: “У нас строгія каранцінныя мерапрыемствы і прапускны рэжым, так што на прадпрыемства могуць трапіць толькі яго работнікі”. Іван Міхайлавіч расказаў, што поспех прадпрыемства стаў магчымым, дзякуючы строгаму захаванню тэхналогій вырошчвання і адкорму. Калі ў студзені гэтага года на комплексе было толькі 2800 галоў, а зараз выйшлі на поўную магутнасць – 6500 галоў.
Чыста тэхналагічна комплекс уяўляе сабой пяць перыядаў, якія разбіты на пэўную колькасць участкаў. Увесь працэс – ад узнаўлення да здачы жывёлы на мяса – прадстаўляе сабой адзін скразны і непарыўны тэхналагічны паток. Бадай, самы адказны ўчастак – гэта племянны сектар (першы перыяд). Тут знаходзяцца рамонтныя свінні і свінні пад асемяненне. Развіццё комплексу залежыць менавіта ад гэтага перыяду: не будзе належнага асемянення – не атрымаеш пагалоўе. На комплексе ўзялі накірунак на трохпароднае скрыжаванне (пароды дзюрок, ландрас і йоркшыр) – такія свінні высокапрадукцыйныя, мясныя, пладавітыя, з высокімі сярэднясутачнымі прывагамі. Як правіла, кожная свінаматка “прыносіць” па 10-16 парасят. А ўсяго за студзень-лістапад гэтага года было атрымана больш за сем тысяч парасят.
“Прыняць кілаграмовых парасят, дагледзець іх і выхадзіць – вельмі адказная работа, – працягвае гаворку Іван Міхайлавіч. – Тым больш, што нагрузка на аператара даволі вялікая – тысяча галоў. Але нашы жанчыны годна спраўляюцца са сваёй работай. На дарошчванні трымаюць парасят пад свінаматкай 45 дзён, а потым іх яшчэ адкормліваюць асобна да 15 кілаграмаў. Сярэднясутачныя прывагі жывёлы тут складаюць 450 грамаў. Апошні, пяты перыяд комплексу – гэта цэх адкорму. Кожны з аператараў   даглядае па дзевяцьсот свіней. У сем месяцаў яны дасягаюць стокілаграмовай вагі – такую жывёлу мы здаём на Віцебскі мясакамбінат”.
На свінакомплексе пераважае сухі тып кармлення (акрамя падсосных свінаматак). Для кожнага ўзросту жывёлы – свая марка камбікорму, які бесперабойна дастаўляецца з Віцебскага КХП. У цэху дарошчвання нядаўна ўстанавілі аўтаматычную кармавую лінію, што значна палегчыла працу аператараў. А вось на астатніх перыядах пакуль кармы раздаюць уручную. І работа гэта, трэба адзначыць, нялёгкая. “Раздаў корм – і адпачывай, – гэта не пра нашых аператараў, – кажа Іван Міхайлавіч. – Калі будзем адносіцца да работы з прахалодай – не будзе ніякага выніку. Нашым работнікам няма калі прысесці: на працягу дня яны сочаць, як корміцца кожная жывёла. Калі што не так – б’юць трывогу. І так штодзень”.
На кожным перыядзе працуюць адказныя і вопытныя работнікі, без якіх на комплексе  не змаглі б павялічыць пагалоўе, не атрымалі б і важкія прывагі. Нават у самым сучасным тэхналагічным працэсе чалавечы фактар заўсёды быў і застаецца пераважным. Іван Міхайлавіч хваліў за добрую работу сваіх спецыялістаў, а таксама аператараў Галіну Гусакову, Святлану Кускову, Маргарыту Васілеўскую, Юлію Вялічку, Галіну Макаранкаву, Сяргея Навіцкага, Аляксандра Церахава, Юлію Гендзель і многіх іншых.
Кіраўніцтва Віцебскага КХП клапоціцца пра дабрабыт сваіх работнікаў. У калектыўным дагаворы пазначаны многія сацыяльныя гарантыі. Акрамя таго, у кошт зарплаты тут атрымліваюць свініну, муку і крупы па зніжаных цэнах. Да дня сельскай гаспадаркі ўсіх работнікаў парадавалі прэміяй, цяпер чакаюць яе да Новага года. За абеды, якія штодзень прывозяць з мікіціхінскай сталоўкі, з работнікаў свінакомплексу вылічваюць толькі палову кошту. Гэтыя льготы, а таксама годны заробак прымушаюць людзей трымацца за работу і даражыць ёй. На Добрынскі свінакомплекс і сёння ёсць жадаючыя ўладкавацца на работу, але прадпрыемства пакуль не пашырае свае магутнасці.
Шэсць з паловай тысяч свіней – добры старт для работы для будучага 2017 года. Па словах І. М. Старавойтава, у наступным годзе мяркуюць здаваць на мясакамбінат па 780 галоў свіней штомесячна (сёлета было па 300-400 галоў). Так работнікі комплексу выйдуць на паказчыкі 2014 года, калі рэалізацыя свіней за год была больш за шэсцьсот тон.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №99 ад 20.12.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *