В Шумилино на первенстве по настольному теннису сражались около 40 спортсменов

Новости Спорт, туризм

У бескампраміснай барацьбе перамаглі гаспадары

У мінулую суботу ў Шуміліне прайшло адкрытае асабова-каманднае першынство па настольным тэнісе. За перамогу, акрамя шумілінскіх аматараў малой ракеткі, змагаліся тэнісісты з Бешанковіцкага і Гарадоцкага раёнаў. У першынстве бралі ўдзел 13 каманд, амаль 40 спартсменаў.

Адкрыў спаборніцтвы старшыня раённага выканаўчага камітэта А. І. Снараў, які пажадаў удзельнікам прыгожай барацьбы і яркіх спартыўных перамог. З вітальнымі словамі звярнуўся намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Бешанковіцкага райвыканкама А. І. Ерашоў, які адзначыў высокі ўзровень турніру ў Шуміліне.
З першых сустрэч мужчыны паказалі сваёй гульнёй, што барацьба будзе сур’ёзнай. Каб выйсці ў фінальную частку, неабходна было займаць у сваёй падгрупе месца не ніжэй за другое. У выніку ў фінальную васьмёрку прабіліся чатыры шумілінскія спартсмены – Аляксандр Снараў, Пётр Ганушчанка, Андрэй Масько і Аляксандр Сідараў.
Розныя стылі гульні, арыгінальныя розыгрышы прапанавалі гледачам фіналісты. Кожны паядынак станавіўся сапраўдным тэнісным спектаклем, у якім галоўныя героі – тэнісісты – дарылі гледачам радасць перамогі і горыч паражэння, захаплялі сваім майстэрствам.
Сярод шумілінцаў лепшы вынік паказаў Пётр Ганушчанка, які выйграў першынство. Дапоўнілі прызавую тройку тэнісісты з Бешанковічаў і Гарадка.

А вось сярод жанчын увесь п’едэстал застаўся за гаспадарамі. Першае месца выйграла Ларыса Копцева, другое – Наталля Савінава, трэцяе – Антаніна Караленка.
Дзякуючы першаму месцу Пятра Ганушчанкі і трэцяму Антаніны Караленка спаборніцтвы ў камандным заліку выйграла зборная Шумілінскага раёна. Другое месца ў каманды з Бешанковічаў, трэцяе – у “АграБаравінкі”, за якую выступалі Наталля Савінава і Аляксандр Сідараў.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №101 ад 27.12.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *