Пра што пісала «Герой працы» ў 1971 годзе?

Актуалии Общество

Пра што пісала «Герой працы» ў 1971 годзе?

Рыхтуючыся да 85-годдзя раённай газеты, мы пагарталі падшыўкі мінулых гадоў. Самая даўняя, якую мы свята беражом, датавана 1971 годам. З яе мы і даведаліся, якія справы хвалявалі раён у гэты час. Вось у тым і каштоўнасць газеты, што на яе пажаўцелых старонках жыве мінулае, і толькі дакраніся – адчуеш подых таго часу, убачыш людзей і іх справы. Мы прапануем вам некалькі цытат з газетных публікацый 46-гадовай даўніны.

Прадпрыемства наша – дзявочае
… – Зіна, што вы лічыце найбольш характэрным для вашага прадпрыемства? (размова ідзе з сакратаром камсамольскай арганізацыі, галоўным інжынерам камбіната бытавога абслугоўвання – аўт.).
– Яго састаў. Той-сёй нават называе жартам наша прадпрыемства дзявочым. Але ж гэта праўда. Усяго ў нас 305 чалавек, з іх мужчын – толькі 53. Нешта падобнае назіраецца і ў камсамольскай арганізацыі: дзяўчат – 51, юнакоў – 5.
– А моладзь, дзяўчаты вашы які ўклад унеслі ў агульны поспех?
– Самы непасрэдны. Многія камсамолкі, напрыклад, Рая Аляксеева, Люда Яўстратава, Надзя Пятрова, Рая Гутарэнка, Галя Апенка і іншыя заўсёды паказвалі прыклад у працы, зменныя заданні выконвалі на 120-140 працэнтаў.
– Калі мы ўжо ўзяліся сёння падводзіць вынікі ўсяму добраму, што адбылося на вашым дзявочым прадпрыемстве за год, то дарэчы будзе такое пытанне: ці ўраджайным быў мінаючы 1970-ы на вяселлі?
– Не скардзімся. Дзе багата харошых нявест, там і частыя вяселлі. Дакладна сказаць зараз не магу, але ўпэўнена, што больш дзесяці нашых камсамолак сёлета выйшлі замуж…
Гутарку вёў А. БАРАНОЎСКІ.

Не пазнаць вёсак
Непазнавальна змянілася аблічча вёсак Лаўжаншчыны за апошняе пяцігоддзе. Новыя шматкватэрныя дамы ўзведзены за гэты час на цэнтральных сядзібах саўгасаў “Лаўжанскі”, імя Кароткіна і калгаса “Гігант”. У перспектыўных населеных пунктах індывідуальнымі забудоўшчыкамі, якім выканком выдзяляў будаўнічыя і дахавыя матэрыялы, узве-дзена 137 дабротных новых дамоў і капітальна адрамантавана 203.
За пяць апошніх год узведзен новы будынак Залескай пачатковай школы, расшырана вучэбная плошча Спаскай васьмігодкі, капітальна адрамантаваны памяшканні астатніх школ. Пабудаваны таксама клуб у вёсцы Мясаедава, сталоўка пры Лаўжанскай сярэдняй школе, лазня на цэнтральнай сядзібе саўгаса імя Кароткіна…
На працягу пяцігодкі поўнасцю завершана электрыфікацыя і радыёфікацыя населеных пунктаў сельсавета. У кватэрах рабочых і калгаснікаў устаноўлена 135 газавых пліт. У кожным трэцім доме сельскіх працаўнікоў загарэўся блакітны экран…
К. ПАЎТАРЭНКА, старшыня выканкома Лаўжанскага сельскага Савета.

Раўненне – на Героя
Жывёлаводы калгаса імя Леніна прыступілі да выканання квартальнага плана па рэалізацыі мяса дзяржаве. Днямі вялікая група адкормачнікаў – 146 галоў – адпраўлена з гаспадаркі на нарыхтоўчы пункт.
На адкорме жывёлы выдатнага поспеху дабілася Герой Сацыялістычнай Працы цялятніца Соф’я Тарасаўна Пальвінская. Яна адправіла на дзяржаўны мясакамбінат 19 галоў маладняку сярэдняй жывой вагой па 400 кілаграмаў.
Раўненне на Героя трымаюць яе калегі цялятніцы Анастасія Пальвінская і Лідзія Магільніцкая. Іх адкормачнікі таксама здадзены высокімі вагавымі кандыцыямі.
Усяго прададзена дзяржаве 50 тон ялавічыны.
Т. САЎЧАНКА грамадскі карэспандэнт.
Падшыўкі гартала Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №3 ад 10.01.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *