Калонка рэдактара: Мы – разам!

Актуалии Общество

Калонка рэдактара: Мы – разам!

Сёння ў раёнкі дзень нараджэння, і ўвесь калектыў рэдакцыі з гэтай нагоды асабліва ўзрушаны, усхваляваны. Гэта вялікае асабістае свята кожнага з нас. І ўсіх вас – так нам хочацца думаць, дарагія і любімыя чытачы раённай газеты “Герой працы”.
Біяграфія даўжынёй у 85 год дае права прызнаць газету як неабходнасць, як абавязковы атрыбут рэчаіснасці. Які б фармат жыцця ні прапанавала эпоха, як бы хутка ні змянялася жыццё, у якія б віры ні закідвала ўсіх нас, раённая прэса заўжды будзе гатова выконваць сваё галоўнае прызначэнне – служыць людзям. Шчыра і самазабыўна.
Калектывізацыя, Вялікая Айчынная вайна, гады ўзнаўлення народнай гаспадаркі, складаныя 90-я – газета заўжды ішла плячо ў плячо разам са сваімі чытачамі. Было складана ўсім – перажывала няпростыя гады і раёнка. Да прыкладу, у 60-я, калі раён быў ліквідаваны, на некаторы час знікла і раёнка, а як узняўся тыраж у гады перабудовы, калі газету выпісвалі ў кожнай сям’і, і як “скасілі” яго “ліхія” 90-я, газета нават выходзіла ўсяго раз на тыдзень… Але ўсе гэтыя акалічнасці толькі пацвярджаюць той факт, што раённая газета – жывы арганізм, які чула рэагуе на ўсе змены ў грамадстве.
Сённяшнія журналісты адчуваюць вялікі гонар і вялікую адказнасць дачынення да шматгадовай гісторыі стварэння нашага выдання. Мы ўзялі эстафету, якую пачалі карэспандэнты, што стаялі ля вытокаў стварэння газеты, і не маем права расчараваць верных сяброў раёнкі, здрадзіць тым прынцыпам, якія фарміравалі і дэлегавалі нам нашы старэйшыя калегі.
Чытач ва ўсе часы чакае ад раённай газеты не толькі навін, ён хоча бачыць у ёй цікавага суразмоўцу, кампетэнтнага дарадчыка, шчырага сябра і памочніка. Рэдакцыя штодня прымае тэлефанаванні жыхароў раёна з просьбамі дапамагчы ў вырашэнні набалелых пытанняў, часта да нас ідуць, так кажуць самі людзі, як у апошнюю інстанцыю. І мы вельмі радуемся, калі сапраўды ўдаецца быць карыснымі.
Мы шчаслівыя, калі чуем добрыя словы ў адрас “Героя працы”, гэта дае энергіі на новыя праекты, адкрыцці, нараджае творчыя ідэі. Нас натхняюць цікавыя шчырыя людзі, людзі, адданыя сваёй справе, сапраўдныя героі працы. Мы захапляемся вашымі ідэямі, вашымі здабыткамі і перамогамі. Рэдакцыйны калектыў – невялікі, але мы выразна адчуваем, што толькі разам з вамі, чытачамі раёнкі, мы поўная вялікая сям’я. “Мы – разам” – для нас гэты дэвіз ніколі не страціць сваёй актуальнасці.
Мы шчыра ўдзячныя работнікам пошты, якія праводзяць падпіску на “Герой працы”, а потым круглы год, у любое надвор’е дастаўляюць газету нашым чытачам.
Давайце будзем сябраваць і далей, давайце дапамагаць адзін аднаму, падказваць, раіць. Дзверы рэдакцыі заўжды для ўсіх адчынены, а мы гатовы сустракаць кожнага з вас як самага дарагога госця.
З нагоды 85-годдзя з дня нараджэння раённай газеты хочацца пажадаць усім нам дабрабыту, сямейнай гармоніі, радасці стваральнай працы. А на старонках “Героя працы” заўжды знойдзецца месца, каб зафіксаваць усе важныя імгненні жыцця раёна.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №7 ад 24.01.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *