Обольский торф ждут в Турции и Болгарии, в Германии и Италии…

Актуалии Экономика

Працуюць  роўна,  стабільна,  з  прыбыткам

Вытворчае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Віцебскаблгаз” прадстаўлена на тэрыторыі нашага раёна не толькі філіялам ВУ “Полацкгаз”, гандлёвым комплексам “Метан”, дзіцячым аздараўленчым лагерам “Дружба”, але і ВУ “Віцебскторф”, участак якога знаходзіцца ў Обалі. Газавікі пад кіраўніцтвам генеральнага дырэктара “Віцебскаблгаза” П. П. Шэршаня з энтузіязмам узяліся за новую справу – здабычу торфу, якая сёння прыносіць прыбытак.
Дзяржаўная праграма “Торф”, распрацаваная да 2020 года, надала тарфяной прамысловасці Віцебшчыны другое дыханне. ВУ “Віцебскторф”, участкі якога размешчаны ў Докшыцкім, Чашніцкім і Шумілінскім раёнах, працуюць роўна, стабільна і з прыбыткам, расказаў дырэктар філіяла вытворчага ўпраўлення “Віцебскторф” Віталь Няспляк.
“У верасні 2015 года было створана  вытворчае ўпраўленне “Віцебскторф” ВРУП “Віцебскаблгаз”. Калі  і раней на торфаўчастках работа ла-дзілася добра, то рэарганізацыя дазволіла павялічыць яе эфектыўнасць, – кажа Віталь Васільевіч. – Для нас аднолькава важныя і запатрабаваныя ўчасткі ў Обалі, Чашніках і Крулеўшчыне, што ў Докшыцкім раёне”.
Як паказалі вынікі мінулага года, спрацавалі нядрэнна – калектыў выканаў асноўныя вытворчыя і фінансавыя паказчыкі. Так, на обальскім участку здабылі 13 тысяч тон торфу, рост да ўзроўню 2015 года – 104%. У тым ліку здабылі 11 тысяч тон верхавога торфу, што склала 110% да плана і 122% да ўзроўню 2015 года. Выручка ад рэалізацыі торфу на Обальшчыне склала 1517 тысяч рублёў – гэта на 30% больш, чым за папярэдні год. Так што работа прынесла прыбытак, аказалася рэнтабельнай”.
Дасягнуць такіх паказчыкаў змаглі перш за ўсё дзякуючы высокапрафесійным спецыялістам, дысцыплінаваным работнікам, лічыць кіраўніцтва “Віцебскторфу”.  Так,  кожны  механізатар асвоіў некалькі відаў машын. Не запатрабаваны, скажам, МТЗ – садзяцца на экскаватар. Больш таго, на прадпрыемстве працуе нямала вынаходнікаў, чые светлыя галовы сканструявалі летась некалькі ўнікальных машын, тым самым стварылі сучасную вытворчасць па выпуску торфапрадукцыі. Тэхналогія здабычы торфу была зменена дзякуючы перш за ўсё пнеўматычным машынам. Зробленыя сваімі рукамі, яны абышліся ў два разы дзешавей, чым заводскія.  Свае спецыялісты стварылі і новыя варушылкі і броўкарэзы, з дапамогай якіх вада хутчэй зыходзіць “з карт”, і канавакапальнікі, кожны з якіх замяняе чатыры экскаватары. Дзякуючы такой тэхніцы прадпрыемства значна павысіла эфектыўнасць працы і ў тэмпах, і ў грашах.
На прадпрыемстве кажуць: “Хочаш жыць добра, трэба быць эканомным”. Работа была арганізавана так, што асноўныя тэхнічныя сілы пера-кідвалі на тыя ўчасткі, дзе яна была патрэбная больш. Скажам, задажджыла ў Чашніках, дык торфаўборачныя машыны не прастойвалі, а працавалі на обальскіх балотах Сідзень і Чысцік. Гэта адзін з сакрэтаў поспеху прадпрыемства – рацыянальнае выкарыстанне тэхнікі.
Падлічылі, што чым ганяць кожны дзень магутныя трактары на базу, лепш наняць вартаўніка на сезон нарыхтовак і пакідаць машыны на ноч на балотах. Такім чынам за мінулы год на ВУ “Віцебскторф” сэканомілі амаль дваццаць тон паліва. Майстры прадпрыемства перакананы: паліва “не ідзе налева”, бо на кожнай машыне ўсталяваны навігатары.
Колькасць работнікаў на обальскім участку ў канцы мінулага года склала 68 чалавек. Гэта на 20 менш, чым у 2015 годзе. Але скарачэнняў не было: нехта пайшоў на заслужаны адпачынак, некалькі чалавек памянялі месца работы. На прадпрыемстве пры-трымліваюцца думкі: трэба даваць зарабіць тым, хто сумленна працуе. Так, летась сярэднямесячны заробак павялічыўся на 20%: з 627 рублёў да 750 рублёў.
Разам з В. В. Неспляком мы накіроўваемся ў обальскі цэх па вытворчасці спажыўных грунтоў. Ён вырабляецца з дабаўленнем айчынных складаных угнаенняў і выкарыстоўваецца для вырошчвання агародніны, садовых раслін, кветак, для паляпшэння структуры глебы. А зімой  ідзе адгрузка.  Адна за адной  да цэха падыходзяць вялікагрузныя машыны. Бігболі з торфагрунтам, кожны з якіх аб’ёмам шэсць кубаметраў, карыстаюцца попытам у 27 краінах свету. Вось дзве фуры збіраюцца ад’язджаць у Турцыю і Балгарыю, вядзецца адгрузка ў Германію, у чарзе стаяць машыны, якія павязуць обальскі торф у Італію і Чэхію. Экспарт вельмі выгадны для прадпрыемства. У мінулым годзе, напрыклад, толькі ад продажу обальскага торфу атрымалі 619 тысяч долараў ЗША.
На прадпрыемстве і сёлета мяркуюць выканаць і перавыканаць вытворчыя паказчыкі. На обальскі ўчастак кіраўніцтва ВУ “Віцебскторф” ускладае вялікія надзеі: запланавана нарыхтаваць 12 тысяч тон верхавога торфу, 3 тысячы тон кавалкавага  і 500 тон торфу для патрэб сельгаспрадпрыемстваў вобласці. Мяркуюць асвоіць новы від прадукцыі – разны торф.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №9 ад 31.01.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *