В Шумилинском историко-краеведческом музее прошёл праздник

Актуалии Культура

Квесты, выставы і майстар-класы – было весела і цікава

“Святкуй разам з намі” – пад такой назвай у Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі прайшло свята ў гонар Міжнароднага дня музеяў.
Тон святу адразу ж задала музейная імпрэза-квест “Падарожжа па музейнай краіне”, удзельнікамі якой сталі вучні 4-ых класаў СШ № 1. Дзеці з непадробнай цікавасцю акунуліся ў атмасферу спаборніцтва: адгадвалі загадкі, выконвалі конкурсныя заданні, адказвалі на пытанні віктарыны. Захапленне выклікаў і конкурс “Знайдзі музейны скарб”, што праходзіў у гарадскім парку. Вынікам квесту сталі станоўчыя эмоцыі і шчаслівыя ўсмешкі ўдзельнікаў, а таксама салодкія прызы за перамогу.
У гэты дзень былі падведзены вынікі конкурсу дзіцячых малюнкаў “І не знікаць паэтам вечна”, які праходзіў у рамках Года малой радзімы. Перамогу ў конкурсе здабылі пяць юных мастакоў: I месца раздзялілі Улада Карлік і Анастасія Васілеўская, на II месцы – Валерыя Багачова, III месца заваявалі Юлія Вярышка і Стас Шчалкуноў. Характэрна, што ўсе пераможцы – вучні 4 “А” класа (класны кіраўнік Н. Ф. Шарэнка). За прызы мы ўдзячныя РА ГА “Беларускі фонд міру” (старшыня Л. В. Шаўцова). Работы пераможцаў і ўдзельнікаў конкурсу былі прэзентаваны на выставе падчас свята.
Адчуць сябе ўдзельнікамі добрай справы была магчымасць у вучняў СШ № 2 (класны кіраўнік Т. В. Вашадок і настаўнік гісторыі і грамадазнаўства  П. І. Гусакоў), якія паўдзельнічалі ў дабрачыннай акцыі  “Адкрый сваё сэрца дабру”, праведзенай супольна з раённай арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (старшыня Т. П. Русакова).
У гэты дзень пачуццё святочнага настрою з музеем прыйшлі раздзяліць яго сябры і госці  – людзі, якія не толькі пільна сочаць за культурным жыццём раёна, але і актыўна ўдзельнічаюць у ім. Напрыклад, члены раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” на чале са старшынёй Л. М. Нагібавай. Госці паўдзельнічалі ва ўрачыстым  адкрыцці выставы акварэлі члена саюза мастакоў Беларусі, выхадца Шуміліншчыны, Уладзіміра Іванова “Свет колеру” ў рамках Года малой радзімы, а таксама ў творчай майстэрні “Урокі натхнення” на базе выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Мікс майстэрства”. Майстар-клас па вырабе кампазіцый з насення раслін і ў тэхніцы квілінгу далі ўдзельніцы музейнага праекта “Народная крыніца” Л. П. Сафончык і Л. У. Журава. Майстры з натхненнем расказвалі і паказвалі,  як з падручных матэрыялаў з’яўляюцца “творчыя шэдэўры”, прадстаўленыя на выставе іх новых работ.
На імпрэзе панавала атмасфера творчасці і добрага настрою, які задавалі не толькі супрацоўнікі музея, але і самі ўдзельнікі ўрачыстасці. І вядома ж, не абышлося ў гэты дзень без віншаванняў і падарункаў. Старшыня раённай арганізацыі ГА “БелТІ” Л. М. Нагібава выказала ў адрас музейных супрацоўнікаў словы падзякі за плённую працу на культурнай ніве і ўручыла падарунак, а намеснік арганізацыі Л. А. Улюценка зачытала вершаванае віншаванне, Н. Р. Сіпко прадэкламавала верш уласнага сачынення “Крыніца”.
Да віншаванняў  у гэты дзень далучыліся і былыя калегі В. П. Кобзун і Л. В. Голубева, актывісты ветэранскага руху вобласці і раёна (А. М. Кубракоў,  К. Ф. Палоўнікава, Т. П. Фамянок), прадстаўнікі ваеннага камісарыята і грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афі-цэраў”, краязнаўца Ала Бубен і многія іншыя.
Мы ўдзячныя  ўсім, хто знайшоў час у гэты дзень наведаць музей,  хто вырашыў адсвяткаваць разам з намі галоўнае свята музейнай супольнасці!
Святлана ІВАНОВА, дырэктар гісторыка-краязнаўчага музея.
Фота Святланы Архіпавай.
Надрукавана ў №41 ад 29.05.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *